«Мы перасеклі дзяржаўную мяжу і ўваходзім у Растоў». Яўгеній Прыгожын паабяцаў «ісці да канца»

У Telegram-канале «Пресс-служба Пригожина» пасля амаль 4-гадзіннага маўчання апублікаваны новы аўдыязапіс. Кіраўнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын заявіў, што найміты «мінулі ва ўсіх месцах дзяржаўныя межы» і «зараз уваходзяць у Растоў».

Лідар баевікоў «групы Вагнера» Яўгеній Прыгожын. 8 лютага 2023 года. Фота: канал баевікоў «групы Вагнера» / Telegram

У новым аўдыязапісы, што з’явіўся ў Telegram-канале «Пресс-служба Пригожина», кіраўнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын паўтарыў абвінавачванні на адрас Мінабароны Расеі ў абстрэле лагера наймітаў:

«Сёння па нас быў нанесены ракетны ўдар. Пасля гэтага адпрацавалі гелікоптары, пасля гэтага артылерыя. Каманды зыходзілі ад начальніка Генеральнага штабу аб знішчэнні ПВК Вагнэра. Пасля нарады з міністрам абароны Шайгу, на якой яны ўхвалілі гэтае рашэнне: знішчыць непакорлівыя падраздзяленні, якія Радзіму гатовыя абараняць, а іхныя азадкі – не».

Прыгожын сцвярджае, што на стрымліванне «вагнэраўцаў» Мінабароны кінула жаўнераў тэрміновай службы:

«Яны адышлі ў бакі. Мы не ваюем з дзецьмі. Мы ваюем толькі з прафесіяналамі. Але калі хтосьці ўстане на шляху, мы знішчым усё, што будзе ўставаць на шляху. Мы працягваем руку кожнаму. Не трэба пляваць у гэтую руку. Мы ідзем далей, ідзем да канца».

Кіраўнік ПВК Вагнэра таксама заявіў, што ягоныя баевікі «мінулі дзяржаўныя межы»:

«Мы мінулі ва ўсіх месцах дзяржаўныя межы, памежнікі выходзілі насустрач і абдымаліся з нашымі байцамі. Зараз мы ўваходзім у Растоў».

Іншых пацверджанняў інфармацыі Прыгожына аб перасоўванні ягонага фармавання пакуль няма.

Таксама кіраўнік ПВК Вагнэра заявіў, што кіраўнік расейскага Генштабу Валерый Герасімаў загадаў нанесці авіяўдар па калонах наймітаў:

«Начальнік Генштабу скамандаваў падняць самалёты і адкрыць агонь па калонам, што ідуць сярод цывільных машын, цяжкавікоў. Яму абы-каго забіваць. Я хачу сказаць дзякуй пілотам, якія адмовіліся выконваць злачынныя каманды».

Тым часам генеральны пракурор Расеі Ігар Красноў сустрэўся з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным і далажыў яму пра крымінальную справу супраць кіраўніка ПВК Вагнэра, паведаміў спікер Крамля Дзмітрый Пяскоў. Паводле яго, генпракурор заявіў аб законнасці гэтай справы.

Пяскоў таксама сказаў, што Мінабароны, ФСБ, МУС і Расгвардыя «кругласутачна дакладваюць Пуціну аб захадах на ягонае даручэнне ў звязку са спробаю мяцяжу».

Раней ФСБ Расеі завяла супраць Прыгожына крымінальную справу паводле артыкула аб узброеным мяцяжы. Яму пагражае ад 12 да 20 гадоў зняволення.

Кіраўнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын абвесціў вайну Мінабароны Расеі. Супраць яго завялі крымінальную справу

Сяргей Крот belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны