Кіраўнік баевікоў «групы Вагнэра» заявіў увечары 24 чэрвеня, што баевікі, якія не дайшлі да Масквы ўсяго 200 кіламетраў, не праліўшы «ніводнай кроплі крыві нашых байцоў», разварочваюцца. У момант, калі кроў магла паліцца, кажа Прыгожын, ён вырашыў сысці «ў зваротным кірунку, у палявыя лагеры».
Падрабязнасцяў адступлення Яўгеній Прыгожын не паведаміў: не зразумела, у якія лагеры пойдуць баевікі. Не зразумела таксама, ці ўзгоднена тое з Уладзімірам Пуціным, які яшчэ ранкам абяцаў пакараць усіх, «хто свядома стаў на шлях здрады, хто рыхтаваў узброены мяцеж, стаў на шлях шантажу і тэрарыстычных метадаў».
За дваццаць хвілінаў да заявы Прыгожына ананімны Telegram-канал «Пул первого», які выконвае функцыі прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі, заявіў, што Лукашэнка нібыта правёў па ўзгадненні з Пуціным перамовы з Прыгожыным. Паводле каналу, Прыгожын прыняў прапанову Лукашэнкі, а на стале «абсалютна выгадны і прымальны варыянт развязкі сітуацыі з гарантыямі бяспекі» для баевікоў.
Прыгожын аб перамовах з Лукашэнкам і аб прыняцці ягонага варыянту не згадваў.
Увечары 23 чэрвеня Прыгожын абвінаваціў расейскае войска ў ракетным удары па лагеры баевікоў і абвесціў вайну Міністэрству абароны. Бізнесовец паабяцаў «аднавіць справядлівасць ва ўсёй Расеі». Пуцін раніцай 24 чэрвеня даў загад задушыць ваенны бунт. Тэлезварот Пуціна пачаўся са спазненнем. Пуцін назваў бунт Прыгожына «здрадай», «ударам па Расеі».
Цягам дня 24 чэрвеня баевікі Вагнэра ўзялі пад кантроль як мінімум часткі Растову-на-Доне і Варонежу, а тое і цэлыя гарады; дайшлі да Маскоўскай вобласці. Афіцыйнае войска і сілавыя структуры Расеі, падобна, амаль не чынілі супраціву баевікам, але панеслі страты ў тэхніцы.
Алесь Наваборскі belsat.eu