МАЗ і БелАЗ трэці год працягваюць аспрэчваць санкцыі ЕЗ. Пакуль безвынікова

Дзяржаўныя заводы-гіганты паўторна пайшлі ў суд Еўразвязу, каб апратэставаць абмежавальныя захады, уведзеныя Еўрарадай супраць іх у чэрвені 2021 года за падтрыманне рэжыму Лукашэнкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кар’ерны самазвал грузападымальнасцю 450 тон БелАЗ-75710. Фота: belta.by

У заявах, якія апублікаваныя ў афіцыйным часопісе ЕЗ, змяшчаецца патрабаванне адмяніць рашэнне Еўрапейскай Рады ад 26 лютага 2024 года, якім санкцыі, уведзеныя ў 2021 годзе, былі працягнутыя яшчэ на адзін год.

У заявах звяртаецца ўвага на незаконнасць увядзення санкцыяў, памылку ў ацэнцы для прымянення санкцыйных крытэрыяў, а таксама на парушэнне асноўных правоў заяўнікаў.

МАЗ і БелАЗ пад санкцыямі ЕЗ з 21 чэрвеня 2021 года. Супрацу з гэтымі прадпрыемствамі еўрапейскім кампаніям забаранілі, актывы беларускіх прадпрыемстваў замарозілі. Пасля гэтага значна павялічылася колькасць узгаранняў аўтобусаў вытворчасці МАЗ, бо на прадпрыемстве пачалі карыстацца камплектнымі дэталямі з Расеі, Кітаю і іншых невядомых крыніцаў.

Чаму насамрэч гараць МАЗы?

На пачатку верасня 2021 года абедзве кампаніі ўжо накіроўвалі пазовы ў суд ЕЗ з патрабаваннем выключыць іх з чорнага спісу. У кастрычніку 2023 года суд ЕЗ прыняў рашэнне пакінуць санкцыі ў сіле.

Як указана ў абгрунтаванні, МАЗ і БелАЗ – адны з найбуйнейшых дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі, яны ёсць крыніцай значных даходаў для рэжыму. Абодва заводы давалі свае памяшканні і абсталяванне для правядзення палітычнага мітынгу ў падтрымку Лукашэнкі.

Таксама там згадваецца, што падчас страйкаў і мірных пратэстаў пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года працаўнікоў абодвух прадпрыемстваў замыкалі ў службовых памяшканнях, каб яны не далучыліся да іншых пратэстоўцаў. На БелАЗе кіраўніцтва выставіла ў СМІ забастоўку проста «сходам персаналу». Работнікаў запалохвалі, пагражалі звальненнямі, і як мінімум на МАЗе гэтыя звальненні пасля былі праведзеныя.

Такім чынам, на думку чыноўнікаў ЕЗ, прадпрыемствы БелАЗ і МАЗ атрымліваюць выгаду ад рэжыму Лукашэнкі і падтрымліваюць яго, а таксама «нясуць адказнасць за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці».

БелАЗ лезе ў крэдытную кабалу Расеі

Ася Саковіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны