На святкаванне 3 ліпеня ў Менску выдаткуюць больш як паўмільёна рублёў

3 ліпеня ўлады Беларусі будуць адзначаць свой аналаг Дня Волі – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. На яго святкаванне ў адным толькі Менску запланавана вылучыць амаль 600 000 рублёў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

Згодна з сайтам дзяржаўных закупаў станам на 24 чэрвеня, на матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне параду 3 ліпеня ў архітэктурна-скульптурным комплексе «Менск – горад-герой», што на скрыжаванні праспектаў Пераможцаў і Машэрава, плануецца выдаткаваць Br 421 400. Замоўнік – дзяржаўнае прадпрыемства «Менскканцэрт».

Асобна «Менскканцэрт» выдаткоўвае Br 3180 на намёты для грымёрак і Br 6 099.04 – на абследаванне сцэнічных канструкцыяў і абсталявання на наяўнасць і адпаведнасць тэхнічнаму апісанню параду.

Яшчэ Br 132 000 пойдуць на паслугі па наданні, абслугоўванні сцэнічнага комплексу (у тым ліку абсталявання сцэны, гукавога, светлавога, святлодыёднага абсталявання) для правядзення абласнога святкавання. Яго арганізуе Менскі абласны цэнтр народнай творчасці. Ён жа вылучае Br 16 200 на дэкаратыўныя канструкцыі на Курган Славы пад Менскам.

Святкаванне Дня Незалежнасці каля Нацыянальнай бібліятэкі. Менск, Беларусь. 3 ліпеня 2021 года. Фота: Белсат

Дадаткова Br 8 000 вылучыць Цэнтр забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацыяў Менскага раёну на арэнда святлодыёднага экрану «для правядзення ўрачыстага мерапрыемства прысвечанага Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў».

Агульная сума выдаткаў, запланаваная на 3 ліпеня дзяржаўнымі арганізацыямі, што знаходзяцца ў Менску, складае Br 586 879,04. Для параўнання, згодна з сайтам дзяржзакупаў, у 2022 годзе ў Менску выдткавалі на святкавання 3 ліпеня Br 283 000. Найбольш жа грошай было вылучана ў 2021 годзе – Br 721 400.

Агулам жа ў 2024 годзе на адзначэнне 3 ліпеня ва ўсёй Беларусі, паводле звестак сайт дзяржаўных закупаў станам на 24 чэрвеня, плануецца выдаткаваць Br 855 328,05. Але свае замовы размясцілі далёка не ўсе гарады і раёны краіны.

Макар Мыш belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны