Паступовыя прасоўванні расейцаў. Што адбываецца ва Украіне?

«Белсат» падводзіць вынікі 852-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 24 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчына праходзіць міма Сцяны памяці з фотаздымкамі ўкраінскіх вайскоўцаў, якія загінулі ў вайне з расейскімі акупантамі з 2014 года. Кіеў, Украіна. 28 траўня 2024 года. Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат

Сумскі і харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах аднайменных вобласцяў)

На поўначы Харкаўскай вобласці працягваюцца баявыя дзеянні на двух участках фронту – у ваколіцах сяла Глыбокае і на тэрыторыі гораду Ваўчанск і ягоных ваколіцаў (у Харкаўскім і Чугуеўскім раёнах адпаведна). Прарасейскія крыніцы пішуць, што ўкраінскія вайскоўцы адзначаюцца большай актыўнасцю, імкнучыся адкінуць праціўніка да дзяржаўнай мяжы, але агулам баі маюць сустрэчы характар.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на купянскім і ліманскім кірунках Сілы абароны краіны адбілі шэраг атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Стэльмахаўка, Капанкі, Грэкаўка, Макееўка, Неўскае, Торскае, а таксама на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» піша, што расейцы наступаюць з ваколіцаў сяла Бераставое, імкнучыся зайсці ў фланг падраздзяленням ЗСУ каля суседняга Навасёлаўскага.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» фіксуе актывізацыю войскаў РФ на так званым торскім выступе па фронце.

Пра змены лініі сутыкнення на абодвух кірунках не паведамляецца.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай вобласці і на паўднёвым захадзе Луганскай)

З поўдня ад ракі Сівэрскі Данец расейцы цягам содняў прынамсі разоў атакавалі ў ваколіцах населеных пунктаў Белагораўка, Верхнякаменскае, Раздолаўка і Выемка, але заўважных поспехаў не дасягнулі. Баі на гэтых участках фронту працягваюцца.

На краматорскім кірунку Узброеныя сілы РФ наступаюць ва ўсходняй частцы гораду Часаў Яр і ў ягоных ваколіцах, імкнучыся выбіць ЗСУ жа канал Сівэрскі Данец – Данбас.

Канал «Два майора» фіксуе прасоўванні расейцаў на адлегласць да некалькіх сотняў метраў паміж сялом Калінаўка і паўночна-ўсходняй часткай гораду, а таксама на поўдні ад Часавага Яру з боку сяла Іванаўскае.

Іншая прарасейская крыніца – тэлеграм-канал «Архангел Спецназа» – сцвярджае, што адначасова з гэтым войскі РФ рухаюцца і ў самім Часавым Яры.

На тарэцкім кірунку, паводле ўкраінскага камандавання, былі адбітыя атакі расейцаў каля сяла Паўднёвае (на паўднёвым усходзе ад гораду Тарэцк).

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На пакроўскім кірунку Узброеныя сілы РФ ціснуць шырокім фронтам з захаду ад раней занятага гораду Аўдзееўка.

Аналітыкі праекту Deepstate пішуць, што расейцы за содні прасунуліся ў сёлах Новааляксандраўка і Сокал, а таксама каля Новапакроўскага. Пры гэтым удакладняецца, што ў Новааляксандраўцы ўкраінскіх вайскоўцаў ужо няма, але УС РФ яшчэ не замацаваліся ў крайняй частцы населенага пункту.

Канал «Два майора» паведамляе, што таксама войскі РФ расшырылі зону кантролю на поўначы ад Сокалу і выйшлі да ўскрайкаў Яўгенаўкі.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць пра рух у ваколіцах сяла Карлаўка.

Ніжэй па фронце расейцы маюць поспех у прыватным сектары на заходзе Краснагораўкі.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» піша, што адначасова з гэтым горад працягвае руйнавацца ўдарамі авіяцыі РФ.

Шахцёрскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На паўднёвым участку фронту ў Данецкай вобласці, паводле Deepstate, Узброеныя сілы РФ прасунуліся на поўначы ад сяла Валадымыраўка на адлегласць да двух кіламетраў і па шырыні да шасці.

У Генштабе ЗСУ заявілі, што таксама расейцы правялі шэраг атак на так званым урэмаўскім выступе каля сяла Ураджайнае, але поспеху не дасягнулі.

У Запарожскай вобласці баі лакалізуюцца на выступе па фронце каля гораду Арэхаў. Канал «Два майора» фіксуе рух войскаў РФ каля сяла Новапакроўка. Іншая прарасейская крыніца – «Фронтовая птичка» – паведамляе пра захоп апорнай кропкі ЗСУ пад Работына.

У Херсонскай вобласці расейцы намагаюцца ўзяць пад поўны кантроль астраўную зону ў рэчышчы Дняпра. Пры гэтым украінцы контратакуюць, а таксама маюць перавагу ў паветры – за кошт БпЛА, што істотна ўскладняе дзеянні праціўніка.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Падпісвайся на telegram Белсату