Дваіх анколагаў, мужа і жонку Івановых, звольнілі з дзяржаўных установаў у Гомлі. Пра гэта стала вядома «Флагштоку» ад аднаго з пацыентаў. Паводле ягоных звестак, звальненні адбыліся ў траўні 2024 года пасля таго, як медыкаў затрымалі і асудзілі на адміністратыўны арышт за падпіскі на рэсурсы, абвешчаныя экстрэмісцкімі.
Адзін са звольненых дактароў, Сяргей Іваноў, вядомы і паважаны адмысловец у галіне пухлінаў галавы і шыі, кандыдат медычных навук, аўтар шматлікіх навуковых публікацыяў, вучэбна-метадычных дапаможнікаў, патэнтаў на вынаходства, мае званне «Выдатнік аховы здароўя Беларусі».
Доктар з 36-гадовым стажам (разам з перыядам навучання) працаваў у абласным анкалагічным дыспансеры і на кафедры анкалогіі Гомельскага медычнага ўніверсітэту, вёў прыём у прафесарскім кансультатыўным цэнтры ВНУ.
На адрас доктара, які вёў прыём таксама ў прыватных медычных цэнтрах, на сэрвісе 103.by нядаўна пакідалі такія водгукі:
«Хачу выказаць вялікую падзяку доктару за прафесіяналізм, стаўленне да пацыентаў, за ягоную разумную галаву і залатыя рукі!»
«Вялікі дзякуй за прафесіяналізм! Доктар кваліфікаваны, кампетэнтны, з вялікім досведам працы, сапраўды дапамог мне і ўсё вельмі падрабязна растлумачыў».
Акрамя таго, медык выкладаў ва ўніверсітэце для замежных студэнтаў, быў адным з нешматлікіх работнікаў ВНУ, хто мог чытаць лекцыі па-англійску.
Радыяцыйнага анколага найвышэйшай катэгорыі Вольгу Іванову таксама звольнілі. Яна была супрацоўніцай радыелагічнага аддзялення Гомельскага абласнога анкадыспансеру.
Тым часам у Беларусі ўжо некалькі гадоў адчуваецца вострая нястача дактароў. Асабліва гэтая праблема датычыць рэгіёнаў. Згодна з Рэспубліканскім банкам вакансіяў, на сёння ў краіне бракуе ажно 6944 дактароў-спецыялістаў, гэта практычна самая запатрабавальная прафесія.
Згодна з незалежнымі даследаваннямі, беларускія дактары называюць галоўнымі сваймі праблемамі на працы велічэзныя перапрацоўкі, незадаволенасць умовамі працы і заробкамі. Палова медыкаў, паводле даследавання, мае больш як адну стаўку. А траціна – больш за паўтары.
Ася Саковіч belsat.eu