Адстае і ад плану, і ад паказнікаў мінулага года. Што ў Беларусі з будаўніцтвам жылля

Будаўніцтва жылля ў Беларусі па выніках першага паўгоддзя на 10 % адстае ад плану на гэты год, а ўвод у эксплуатацыю амаль на 13,5 % меншы за паказнікі адпаведнага перыяду мінулага года. Разбіраемся з эксперткаю, што адбываецца.

Будаўніцтва жылых дамоў каля рынку «Ждановічы». Менск, Беларусь. 29 чэрвеня 2022 года. Фота: Белсат

Паводле Белстату, за першую палову 2023 года ў Беларусі пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю менш жылля, чым тое было за адпаведны перыяд мінулага года.

Гэтак, у студзені – чэрвені 2023 года арганізацыі ўсіх формаў уласнасці пабудавалі 19,3 тыс. новых кватэраў, што на 13,47 % ці на 2,6 тыс. менш, чым за студзень – чэрвень мінулага года, калі пабудавалі 21,9 тыс. кватэраў.

Пры гэтым за першыя шэсць месяцаў сёлета ўвялі ў эксплуатацыю 1 758 900 квадратных метраў агульнай плошчы жылля, што на 8,75 % менш, чым за той жа перыяд летась, калі ўвялі ў эксплуатацыю 1 912 900 квадратных метраў.

Заўважна, што зніжэнне тэмпаў жыллёвага будаўніцтва ў Беларусі назіралася і летась, калі кватэраў пабудавалі на 8,4 % менш, чым у 2021 годзе.

Як адзначыла ў інтэрвʼю «Белсату» старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна, колькасць уведзенага ў эксплуатацыю жылля за паўгода не дацягвае і да паловы плану на 2023 год. Паводле яго, за 2023 год павінна быць уведзена ў эксплуатацыю 4 300 000 квадратных метраў жылля. Палова гэтай лічбы складае 2 150 000, а пабудавалі на 22,23 % менш.

«Назіраецца яўнае адставанне ад плану», – канстатуе экспертка.

Лузгіна адзначыла, што яшчэ няма статыстыкі аб будаўніцтве ў рэгіёнах за паўгода, але паводле звестак за пяць месяцаў, самае вялікае зніжэнне будаўніцтва адносна адпаведнага перыяду 2022 года паказваюць Берасцейская вобласць і Менск. У сталіцы за студзень – травень было пабудавана толькі крыху больш за 36,5 % жылля адносна першых пяці месяцаў мінулага года.

Будаўнічая галіна прасела сёлета ў параўнанні з мінулагоднімі паказнікамі на 20 %

Кажучы аб прычынах зніжэння жыллёвага будаўніцтва, суразмоўца падкрэсліла, што яны ляжаць у сферы фінансаў:

«Трэба памятаць, што будаўніцтва – дарагая рэч. На зніжэнне яго аб’ёмаў паўплывалі складанасці з фінансаваннем. Частка жылля будуецца з удзелам дзяржавы, а ў бюджэце сродкі цяпер абмежаваныя. Задзейнічаныя і зберажэнні грамадзянаў, якія таксама абмежаваныя. І хоць мы цяпер бачым пэўны рост крэдытавання насельніцтва, у тым ліку на нерухомасць, і растуць даходы ў рэальным выражэнні, аднак трэба разумець, што гэта ідзе так званы аднаўленчы рост. Таму чакаць буму ў будаўніцтве мы пакуль не можам».

За месяц беларусы набралі амаль Br 1 млрд крэдытаў. Ці варта баяцца інфляцыі?

На фоне зніжэння тэмпаў будаўніцтва і здачы жылля ў эксплуатацыю назіраецца яшчэ адзін важны трэнд: у большасці буйных гарадоў Беларусі ў ліпені, паводле звестак realt.by, знізілася сярэдняя цана квадратнага метра жылля. Яна склала $ 1359 і знізілася за два першыя тыдні месяца на 0,7 %. Настасся Лузгіна звяртае ўвагу, што гэтае зніжэнне звязанае з тым, што павялічылася прапанова на рынку пасля ўводу ў эксплуатацыю новых кватэраў.

Цікава таксама, што, паводле звестак Лузгіной, у Менску тым, хто стаіць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоваў, чарговы раз прапаноўваюць набываць кватэры не ў сталіцы, а ў так званых гарадах-спадарожніках (Смалявічы і інш.). Гэта адна з прычынаў зніжэння попыту на жыллё ў Менску. Яшчэ адзін чыннік зніжэння попыту на жыллё ў сталіцы – памяншэнне колькасці насельніцтва з «сярэднім і высокім узроўнем даходу». Напрыклад, на рынак жылля ўплываюць адʼезд значнай колькасці айцішнікаў пасля пачатку баявых дзеянняў ва Украіне і ўвядзенне санкцыяў супраць кампаніяў за працу ў Беларусі. У Менску апошнія некалькі гадоў сярэдняя цана на квадратны метр жылля хістаецца ў межах $ 1200–1400. «Пры гэтым у еўрапейскіх краінах назіраецца ўстойлівы трэнд на рост цаны квадратнага метра, а ў Беларусі – не, цана амаль не кранаецца з месца».

IT у Беларусі: небывалае беспрацоўе, урэзаны сацпакет і туманныя перспектывы

Агулам сітуацыя такая – будаўніцтва адстае ад плану, прапанова новага жылля ўжо трошкі большая за попыт. Апроч таго, паводле Лузгіной, сітуацыя на рынку нерухомасці, у прыватнасці з будаўніцтвам жылля, можа мець і макраэканамічныя наступствы. Суразмоўца нагадала, што ўрад мае планы эканамічнага росту памерам 3,8 % ВУП па выніках года. Адным з інструментаў дасягнення гэтага росту ёсць інвестыцыі, у тым ліку ў жыллёвае будаўніцтва. «Калі мы бачым, што будаўніцтва адстае на амаль 10 %, то і планы росту ВУП таксама адстаюць», – робіць выснову экспертка.

«Вядома, магчыма, што ёсць нейкія дамы, якія цяпер у сярэдняй стадыі гатовасці, і да канца года за іх кошт будзе нарошчаны ўвод жылля ў эксплуатацыю. Аднак агульны трэнд на зніжэнне назіраецца другі год запар. Паказнікі першага паўгоддзя мінулага года таксама мелі значнае адставанне ад адпаведных паказнікаў 2021 года. Пры тым, што і планы ўводу жылля ў 2022-м былі на 100 тысяч метраў квадратных меншыя за сёлетнія. Мабыць, пры закладванні планаў на 2023 год чакаўся нейкі ўсплёск на рынку жылля, але мы яго не назіраем», – падсумавала Настасся Лузгіна.

Антон Тачняк  belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны