Літоўскае выданне Delfi.lt удзень 24 ліпеня выклала на сваім YouTube-канале дакументальны фільм пра беларускія пратэсты 2020 года «Хроніка сучаснасці». Цікавасць да фільма ў першую чаргу звязана з тым, што твары людзей у ім не схаваныя, што стварае небяспеку для тых удзельнікаў, хто застаецца ў Беларусі. Праз пару гадзінаў да фільму абмежавалі доступ, але ГУБАЗіК паспеў яго захаваць і пагражае новымі затрыманнямі.
Рэжысёр фільму − беларус Мікалай Мамінаў, які жыве ў Літве і мае міжнародную абарону. Ён пракаментаваў «Белсату» гэтае здарэнне:
«Прынялі рашэнне часова закрыць доступ да фільму з-за вялікай цікавасці і хвалі разнапланавых водгукаў. Я не ўплываю на прыняцце рашэння аб публікацыях».
Мікалай Мамінаў не бачыць ніякай пагрозы ў тым, што фільм апублікаваны: «ГУБАЗіК «сцягнуў» сабе мой фільм і выклаў яго зноў у адкрыты доступ і цяпер хайпуецца, ну няхай хайпуецца». Па словах рэжысёра, яго фільм – не утрымлівае ніякіх унікальных кадраў. «Нічога новага ў гэтым фільме няма – я маю на ўвазе з кадраў, гэтыя кадры залітыя мільёнамі людзей з усіх камераў», – сказаў ён у каментары«Белсату».
Каментуючы ў «Фэйсбук» дыскусію адносна апублікавання стужкі, аўтар фільму Мікалай Мамінаў напісаў, што «фільм на Delfi глядзеў фокус гурт з міжнародных праваабаронцаў і журналістаў дакументалістаў… і вядома, рэдактарская каманда».
«Белсат» пакуль не атрымаў каментар Delfi адносна публікацыі гэтага фільма. Мы апублікуем яго адразу, як атрымаем.
Пазней фільм быў апублікаваны ў тэлеграм-канале «Вясны». Праваабаронцы патлумачылі, што гэта зроблена для таго, каб можна было перагледзець кадры, пашукаць сябе (паглядзець фільм можна тут) і пры неабходнасці прыняць меры бяспекі.
Захаваў фільм і выклаў яго яшчэ і блізкі да ГУБАЗіК тэлеграм-канал − з пагрозай знайсці кожнага, хто там з’явіўся.
У сувязі з гэтым заснавальнік і кіраўнік дабрачыннага фонду «BySol» Андрэй Стрыжак папярэдзіў пра неабходнасць прыняць меры бяспекі і прапанаваў дапамогу.
«У фільме кадры з асобамі пратэстоўцаў не схаваныя, а гэта значыць, што ўсе, хто трапіў у абʼектыў (асабліва тыя, хто раней не трапляў у фокус сілавікоў), могуць быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. У выпадку, калі вы адчуваеце сябе ў небяспецы ў сувязі з інцыдэнтам, звяртайцеся на гарачую лінію «BySol» для экстранай эвакуацыі», – напісаў Андрэй Стрыжак у сваім акаунце ў Фэйсбуку.
Нагадаем, што звязацца з «BySol» можна праз тэлеграм − @help_bysol.
Алена Рувіна belsat.eu