Завяршыліся грамадскія слуханні пра канцэпцыю будавання храму на вуліцы Няміга блізу плошчы Багушэвіча, паведамляе дзяржаўнае агенцтва «Менск-навіны». Сцвярджаецца, што заўвагаў ад гараджанаў не паступала.
Храм у гонар Казанскай іконы Божай Маці мяркуюць размясціць на вул. Няміга, 8 (мапа). Гэта блізу Тэатру музкамедыі і будынку Беларусбанку. Будынак абяцаюць зрабіць невялікім: 28 х 12 метраў, вышынёю 25 метраў. Стыль мяркуюць зрабіць падобным да візантыйскага.
«Як напісана ў прэзентацыі праекту, страчаныя святыні маюць значную гістарычна-культурную каштоўнасць не толькі ў межах сталіцы, але і краіны. А нешматлікасць праваслаўных храмаў у цэнтры гораду робіць актуальным пытанне пра ўзнаўленне такой царквы», – перадае дзяржаўнае выданне.
Падобны храм ужо існаваў прыблізна на тым месцы ў памяць пра катастрофу імператарскага цягніка на Харкаўшчыне 29 кастрычніка 1888 года.
У той катастрофе сям’я расейскага імператара Аляксандра ІІІ выжыла, у памяць пра тое храм паставілі на месцы катастрофы, а таксама ў іншых месцах на тэрыторыі Расейскай імперыі, у тым ліку ў Менску – капліцу на Захар’еўскай вуліцы і драўляную царкву на Прывакзальнай плошчы.
У 1914 годзе пад менскім вакзалам асвяцілі ўжо мураваны храм (праект новага падобны да яго), што дзеяў да 1930-х, пакуль не быў ператвораны ў Клуб чыгуначнікаў – будынак прастаяў да 1936 года і быў падарваны бальшавікамі. У драўляным храме набажэнствы трывалі да пачатку 1960-х, але і той быў закрыты і зруйнаваны бальшавікамі.
На месцы зруйнаванага мураванага храму на цяперашняй плошчы Мяснікова збіраюцца збудаваць невялікую закрытую капліцу 2,3 х 2,3 м і 7 м вышынёю, бо на паўнавартасны храм там няма месца. А замест зруйнаванага храму – паставіць новы паблізу.
Адметна, што да Менску ніякага дачынення не мае не толькі катастрофа імператарскага цягніка на Харкаўшчыне, але і Казанская ікона Божай Маці.
Алесь Наваборскі belsat.eu