На «канцэрце ў Кабзона» гучыць «Вагнэр»

Любоў
Лунёва
Журналістка

Наўрад ці сёння можна знайсці хоць аднаго чалавека, які б усумніўся ў тым, што менавіта Пуцін замовіў забойства свайго былога кухара Яўгенія Прыгожына з набліжанымі. І наўрад ці нехта сумняецца, што гэта быў акт помсты за сваю публічную ганьбу, за праяўленую на публіцы баязлівасць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Найміт ПВК Вагнэра ўскладае кветкі ля партрэтаў загінулых Яўгенія Прыгожына і Дзмітрыя Уткіна перад офісам ПВК Вагнэра ў Новасібірску, Расея. 24 жніўня 2023 года. Фота: Vladimir Nikolayev / AFP / East News

Ці можна было прыкончыць ненавіснага крыўдзіцеля і здрадніка Прыгожына з меншым грукатам? Ну ў той жа Афрыцы, напрыклад? Вядома. У ФСБ у арсенале мноства спосабаў ад «ён чымсьці падавіўся» ці «нешта зʼеў нясвежае» да «ён патануў», «яго тарантул укусіў». Але не – бізнес-джэт Прыгожына ўпаў за 50 км ад рэзідэнцыі Уладзіміра Пуціна «Валдай».

Паміж першым афіцыйным паведамленнем МНС аб катастрофе самалёта і пацвярджэннем прысутнасці Прыгожына на борце прайшло тры хвіліны: першае зʼявілася ў 19:57, а другое – роўна а 20:00.

Тым часам другі самалёт «Прыгожынскіх авіялініяў», які вылецеў адразу ж следам за першым, развярнуўся ў небе і пачаў кружыць над Масквой. Паводле сэрвісу «Flightradar», самалёт «робіць зігзагі над Масквой і паводзіць сябе ненатуральна – складаецца адчуванне, што ён не ведае, куды яму ляцець». Хутчэй за ўсё экіпаж ужо зразумеў, што здарылася, і баяўся, што іх борт таксама сабʼюць.

Спіс ахвяраў з’явіўся падазрона імгненна, чаго не бывае падчас такіх авіяцыйных катастрофаў. Сярод загінулых Дзмітрый Уткін, камандзір прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра. Гэта дзякуючы ягонаму пазыўному Вагнэр кампанія атрымала сваю назву. Там жа быў і асабісты лагіст Прыгожына Чакалаў, чалавек, які ўсё ведаў пра перамяшчэнне свайго шэфа. Ну, і сярод іншых – сцюардэса, прыгожая маладая жанчына Крысціна Распопава.

Пуцін у гэты час, мяркуючы з відэа імпрэзы, прысвечанай 80-годдзю перамогі ў Курскай бітве, быў у паселішчы Паныры. Пасля апублікавання спісу загінулых у Курску прагучаў святочны салют. Так супала.

А вось пра прыдворных прапагандыстаў улады не падумалі. Стала відавочная іх поўная залежнасць ад гаспадароў. Ніякіх інструкцыяў. Можа, чакалі нейкай рэакцыі ці проста забыліся. Уладзімір Салаўёў напісаў на сваёй старонцы: «Калегі, я свядома маўчу і вам гэта ж раю. Маўчанне цяпер – даражэйшае за золата». Залатое маўчанне доўжылася да раніцы. Потым ужо ўся камарылля кінулася адмываць таго, каго адмыць ужо проста немагчыма. У хаду пайшоў увесь арсенал.

Каго толькі ні вінавацяць у смерці Прыгожына – ад заходніх спецслужбаў да асабістых ворагаў. Далей за ўсіх прасунуўся камунікацыйны холдынг «Мінчанка кансалтынг». Там на поўным сурʼёзе напісалі, што «загадкавая смерць» Прыгожына зойме такое ж месца ў гісторыі Расеі, як забойства прэзідэнта Кенэдзі ў гісторыі ЗША. Кенэдзі знайшлі…

Пры гэтым ніхто, ніводны з іх не напісаў, што калі выйсці сёння на вуліцу не толькі ў Маскве, а ў любым глухім месцы вялізнай краіны і спытаць у першага ж мінака: «Хто забіў Прыгожына?», – то ён адкажа: «Пуцін». Якая розніца, хто менавіта страляў па самалёце? Забойца для кожнага разумнага чалавека толькі адзін, і гэта Пуцін.

Ніхто нават не паспрабаваў напісаць, што адбылася пазасудовая расправа. Загінулі цывільныя асобы. Але гэта, падобна, не хвалюе нікога ўвогуле. Як нікога не хвалюе, што цяпер чачэнскія сілавікі выкралі ў Пецярбурзе маладую чачэнку і вывезлі яе сілком з аэрапорту «Пулкава» для так званага забойства гонару ў Грозны толькі за тое, што яна – прадстаўніца ЛГБТ.

У Расеі разбіўся бізнес-джэт Яўгенія Прыгожына. Крыніцы сцвярджаюць, што самалёт збілі

У загінулай сцюардэсы Крысціны Распопавай брат – намеснік пракурора аднаго з гарадоў Чэлябінскай вобласці. Цікава: што наконт пазасудовай расправы над ягонай сястрой думае гэты дыпламаваны юрыст? У краіне, дзе дэкларатыўна ёсць паліцыя, пракуратура, суд, забіваюць адным махам адразу некалькі чалавек, каб асабліва не марочыцца. Забіваюць дэманстратыўна на вачах ва ўсіх. Пры гэтым у сацсетках службісты пішуць, што гэта правільна, бо, маўляў, людзі, якіх забілі, маюць званні герояў Расеі. Ну, а як судзіць герояў? Гэта неяк не зусім правільна будзе. Як можна сёння спакойна жыць, калі ў вялізнай паводле плошчы і колькасці насельніцтва краіне пануе абсалютнае беззаконне і сярэднявечнае дзікунства?

Аб якім судзе наогул можа ісці гаворка? Тым больш што з судовым паседжаннем, калі дапусціць, што да гэтага магло дайсці, у справе Прыгожына ўвогуле было б усё няпроста. Бо нават сёння з самай раніцы паліцыя ачапіла ў Цверы морг, куды павінны даставіць целы загінулых пры катастрофе самалёта. Навошта выстаўлена такая ахова? Смерць Прыгожына афіцыйна пакуль не пацверджана. Нічога, акрамя знойдзенага тэлефона. Пішуць, што Пуцін з Курску адразу ж памчаўся на Валдай. Можа, хоча асабіста ўпэўніцца? Чакаюць галоўнага гаспадара?

Ясна, што Прыгожын са сваёй кувалдай прымусіў скалануцца ўвесь свет, але ж фінансаваў усё гэта Пуцін. Фінансаваў з бюджэту краіны. Ды і збіты самалёт не за свае ж грошы купляў Прыгожын. Дарэчы, ён, у адрозненне ад астатніх падданых Пуціна, быў чалавекам, які не імітаваў, што гаворыць і дзейнічае шчыра.

Але не зразумела: як такі чалавек, які сам адседзеў у турме дзесяць гадоў (не вер, не бойся, не прасі), і які добра ведаў Пуціна, мог яму паверыць і пасля мяцяжу яшчэ два месяцы разʼязджаць па краіне? Што за кампрамат быў у яго ў руках, што ён разам са сваймі самымі блізкімі паплечнікамі не пабаяўся сесці ў адзін самалёт, хаця выляталі два барты? Чаму не падумаў засцерагчыся? Пуцін часта казаў, што здраднікам не даруе, і ўжо ніхто лепей за Прыгожына не ведаў гэтага. Калі пасля мяцяжу Пуцін зліў у СМІ ўсю прыгожынскую паднаготную і пра тое, як той любіў нявінніц, і пра тое, што ён жорсткі забойца і гвалтаўнік, той маўчаў. Праўда, сказаў, што «ў выпадку маёй раптоўнай смерці ўсё апынецца ў руках». У руках каго? І калі ўсплыве той самы страшны кампрамат супраць Пуціна?

Але і без таго абяцанага кампрамату як зараз быць кіраўнікам дзяржаваў BRICS, якія яшчэ зусім нядаўна размаўлялі з Пуціным як з роўным сабе? Ці будуць яны  рэагаваць або моўчкі праглынуць? Усё ж такі яны павінны неяк рэагаваць. Нават калі не ўспамінаць пра крывавую вайну. Так, на практыцы адзін забойца забіў другога забойцу, але ж ёсць нюанс: Пуцін – кіраўнік краіны. Можа, забойства Прыгожына – гэта пачатак нейкай новай гісторыі, якая пачне разгортвацца ў найбліжэйшы час?

«Нават у пекле ён будзе найлепшым». Прыгожын загінуў у авіякатастрофе

belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў