З Кітаю ў Беларусь будуць накіраваныя лекары-эксперты ў кітайскай традыцыйнай медыцыне, якія валодаюць ведамі і маюць клінічны досвед, паведамляе «БелТА».
Гэта будзе рэалізавана ў рамках мемарандуму аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве паміж Міністэрствам аховы здароўя Беларусі і Упраўленнем традыцыйнай кітайскай медыцыны правінцыі Ганьсу, які быў падпісаны падчас наведвання беларускай дэлегацыяй на чале з міністрам Дзмітрыем Піневічам Кітайскай Народнай Рэспублікі.
У мемарандуме адзначаецца, што ў Беларусі створаныя ўмовы для працы і прызнання кваліфікацыі кітайскіх лекараў-медыкаў.
Згодна з дакументам, таксама мяркуецца праводзіць стажыроўкі беларускіх спецыялістаў ва Універсітэце кітайскай народнай медыцыны правінцыі Ганьсу. Беларусы змогуць вучыцца там у бакалаўрыяце і аспірантуры, атрымліваючы веды па клінічнай кітайскай медыцыне, сястрынскай справе і іншых спецыяльнасцях.
Таксама мемарандумам прадугледжанае стварэнне цэнтра па распаўсюджанні кітайскай традыцыйнай медыцыны ў індустрыяльным парку «Вялікі камень».
Раман Шавель belsat.eu