Украінская выведка: у Беларусь прыбылі каля 3200 расейскіх вайскоўцаў

Начальнік Галоўнага ўпраўленне выведкі Украіны Кірыла Буданаў паведаміў, што ў Беларусь прыбылі каля 3200 расейскіх вайскоўцаў. Аднак пакуль няма ніякіх прыкметаў стварэння любога фармату ўдарных груповак, якіх варта было б баяцца. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю выданню «Українська правда».

Кірыла Буданаў. Фота: pravda.com.ua

У адказ на пытанне журналіста наконт нядаўняй заявы Генеральнага штабу, быццам пагроза з Беларусі расце, Кірыла Буданаў адказаў:

«Хачу вам нагадаць, што гісторыя з атакаю беларусаў на Украіну ў нашых медыях з’яўляецца таксама недзе з красавіка. Прыблізна раз на паўтара месяца заяўляюць, што дакладна вось заўтра нападуць гэтыя страшныя легіёны беларусаў. Але рэальнасць крыху іншая, і шмат разоў я развенчваў гэтыя міфы. Ці ёсць патэнцыйная пагроза з боку Беларусі? Патэнцыйна ёсць. Гэта ж таксама ні для кога не сакрэт».

Таксама кіраўнік украінскай выведкі заявіў, што расейцы перакідваюць у Беларусь пэўную колькасць падраздзяленняў: «Але тое, што яны заяўляюць, і тое, што яны перакідваюць па факце, – гэта зусім розныя рэчы».

На думку Буданава, пакуль няма ніякіх прыкметаў стварэння ўдарных груповак, а расейцы завезлі ў Беларусь каля 3200 чалавек. Аднак раней улады Беларусі і Расеі сцвярджалі, што ў Беларусь прыбудуць 9 тысячаў расейскіх вайскоўцаў.

Кірыла Буданаў сумняваецца ў рыхтаванні новага наступу на Кіеў: на гэта трэба 2–2,5 тыдня для перакідвання войскаў з Расеі ў Беларусь.

«З новага – забаранілі смартфоны». Як у Беларусі праходзіць немабілізацыя

Падчас нарады з сілавікамі 10 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка выступіў з рэзкімі абвінавачаннямі на адрас Украіны: нібыта афіцыйны Кіеў плануе нанесці ўдары па тэрыторыі Беларусі. Ён таксама паведаміў, што супольна з Уладзімірам Пуціным пастанавіў разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў Беларусі і Расеі. Эшалоны з расейскімі вайскоўцамі пачалі прыбываць у Беларусь 15 кастрычніка. Афіцыйна заяўлена, што з Расеі ў межах разгортвання рэгіянальнай групоўкі войскаў прыбудуць 9 тысяч вайскоўцаў, 170 танкаў, да 200 бронемашынаў і каля 100 гарматаў і мінамётаў.

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны