Слава Камісаранка: «Рознага кшталту ёсць пагрозы, але мы нібы ўжо звыклі»

Ананімны тэлеграм-канал абвінаваціў беларускага коміка Славу Камісаранку ў адмове дапамагаць Украіне і за гэта стаў пагражаць расправаю. «Белсат» высветліў, што канал звязаны з беларускімі прапагандыстамі. Камісаранка расказаў, што гэта не першы падобны інцыдэнт. 

Беларускі комік Слава Камісаранка. Фота: slavakomissarenko / Instagram

Паводле гісторыі, расказанай на ананімным Telegram-канале «Коаліція УНА-УНСО 2.0 (новий канал)», да менеджаркі Славы Камісаранкі нібыта звярталіся з прапановай прафінансаваць дзейнасць каналу, а тая адмовіла, бо «Славы вашая вайна не цікавіць». За гэта канал назваў Камісаранку ворагам, пазней напісаў, што коміку варта «чакаць сюрпрызаў». Пра гісторыю «Белсату» ананімна паведамілі ад імя ўкраінцаў. Адзначылі: «Чакайце ягонага пахавання».

З адкрытых звестак пра канал бачна, што ён быў створаны за два тыдні да першага паста пра Камісаранку і што на яго спасылаюцца выключна беларускія прапагандысты і прарасейскія актывісты: «Жёлтые сливы», «Berezina», «Антимайдан», Рыгор АзаронакКсенія ЛебедзеваВольга Бондарава ды іншыя, звязаныя з прапагандай і сілавікамі. Згадкі пачаліся 10 лістапада, да таго на канал зусім не спасылаліся. На сайце УНА-УНСО і ў сацыяльных сетках арганізацыі пра канал «Коаліція УНА-УНСО 2.0 (новий канал)» згадак няма. Таксама канал не згадваюць іншыя ўкраінскія арганізацыі.

Коміку Камісаранку пагражалі забойствам. Падобна, беларускія прапагандысты

Пагрозы былі і раней

Слава Камісаранка заявіў «Белсату», што з ягонай менеджаркай не звязваліся ад імя гэтых «украінскіх нацыяналістаў». Гэта сапраўды выглядала сумнеўна: ананімны канал апублікаваў перапіску ў Telegram, тады як на сайце Камісаранкі няма кантактаў у Telegram, а да пазначаных нумароў тэлефонаў тэлеграм-акаўнты не прывязаныя.

Слава Камісаранка таксама расказаў «Белсату», што бачыць на сябе «даволі моцную атаку».

«Мы не ведаем, ці стаяць за гэтым чалавекам беларускія спецслужбы ці прапагандысты, – расказаў Камісаранка. – Але мы ведаем, хто гэта робіць, і адносна гэтага чалавека вядзецца расследаванне ў некалькіх краінах».

Паліцыя забараняе расказаць пра ход расследавання, наракае Камісаранка. Кажа, што сам хацеў бы расказаць усю гісторыю, ды паліцыя забараніла.

А што з пагрозамі забойствам, ці прымае захады бяспекі? Комік кажа, калі нешта такое здараецца, то перадае звесткі праваахоўнікам і юрыстам.

«Рознага кшталту ёсць пагрозы, але мы нібы ўжо звыклі, спакойна на гэта рэагуем, – адказвае Камісаранка. – Проста мы разумеем, хто гэта робіць, чаму гэта робіць, але мы не ведаем, хто канкрэтна стаіць за гэтым чалавекам».

Той канал, звязаны з беларускімі прапагандыстамі, таксама публікаваў відэа ананімнай тыктокеркі @lisica98765, якая заявіла, што яе не пусцілі на канцэрт Камісаранкі, бо яна ўкраінка. Камісаранка запэўнівае: гэта фэйкі, на ягоныя канцэрты заўсёды прыходзяць украінцы, ім заўсёды радыя, ды і грошы з канцэртаў адпраўлялі некалькім украінскім фондам на гуманітарную дапамогу Украіне. Комік кажа, што дапамагае Украіне і цяпер, проста ў нейкі момант перастаў гэта афішаваць.

Чаму ўлады Беларусі не любяць Камісаранкі

Слава Камісаранка – стэндап-комік родам з Менску, працяглы час выступаў у Расеі. У лістападзе 2020 года выступіў з жартамі пра Аляксандра Лукашэнку, запусціў мэм пра «Чык-чырыка, у якога свісціць фляга».

У студзені 2022 года Камісаранка апавёў, што яго абвясціў у вышук Камітэт дзяржаўнай бяспекі. Ён спачатку перабраўся ў Кіеў, потым вандраваў па свеце і ўрэшце пасяліўся ў Турэччыне.

Камісаранка насамрэч падтрымліваў Украіну і словамі, і справамі: сярод іншага, пералічваў грошы з канцэртаў некалькім украінскім фондам на гуманітарную дапамогу Украіне.

У Чэхіі сарвалі канцэрт Славы Камісаранкі

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны