Парадаваць няма чым: сіноптыкі распавялі аб надвор’і на Новы год

Сіноптык Дзмітрый Рабаў у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу падзяліўся прагнозам надворʼя на святочны навагодні тыдзень.

Беларуская сталіца рыхтуецца сустрэць Раство і Новы год. Менск, Беларусь. 20 снежня 2022 года. Фота: чытачы / Белсат

18–24 снежня Беларусь адчула на сабе цёплы ўплыў Атлантыкі. Уся краіна апынулася ва ўладзе адлігі і, на жаль, гэта працягнецца і далей – Атлантыка працягвае пастаўляць сырое і ветранае надворʼе, а таксама цёплыя і вільготныя паветраныя масы. Тэмпература на 3–5 ° вышэйшая за норму, праз начныя замаразкі захоўваецца небяспека ранішняй галалёдзіцы.

У пачатку тыдня Беларусь апынецца ў зоне ўплыву атлантычнага цыклону, які прынясе пахмурнае надворʼе, снег, мокры снег з дажджом. Вільготнасць складзе да 90 %, а вецер будзе заходнім, парывістым і часам моцным.

Каляднай ноччу ў панядзелак, 25 снежня, тэмпература будзе вагацца ад +5 ° на паўднёвым захадзе да -5 ° на ўсходзе, а ў аўторак, 26 снежня, ад -1 ° да +5 °. Днём у панядзелак, 25 снежня, тэмпература складзе ад -2 ° на паўночным усходзе да +8 ° на паўднёвым захадзе, а ў аўторак, 26 снежня, ад 0 ° у Віцебску да +9 ° у Берасці.

З серады, 27 снежня, сітуацыя за акном будзе вызначацца вобласцю высокага атмасфернага ціску і вільготнай паветранай масай з Балтыйскага мора. Чакаюцца воблачнае надворʼе з праясненнямі, невялікія кароткачасовыя ападкі. Вільготнасць складзе да 90 %, вецер заходні, парывісты. Уначы 27 снежня тэмпература будзе вагацца ад -1 ° на поўначы да +6 ° на поўдні, а днём у сераду будзе +1–4 °.

У чацвер, 28 снежня, на тэрыторыю Беларусі ўвойдуць актыўныя атмасферныя франты з захаду Еўропы. Яны, хутчэй за ўсё, выклічуць ападкі рознай інтэнсіўнасці, вільготнасць складзе да 90 %, а вецер будзе заходнім і паўднёва-заходнім, умераным, але месцамі парывістым. Днём тэмпература будзе вагацца ад -3 ° на паўночным усходзе да +4 ° на паўднёвым захадзе.

Уначы ў пятніцу, 29 снежня, на паўднёвым захадзе тэмпература можа падняцца да +5 °, а днём складзе +4 °.

Надворʼе на Новы год

Апошнія выходныя дні снежня будуць вызначацца вобласцю высокага атмасфернага ціску. Чакаецца пераменная воблачнасць без істотных ападкаў, вецер пераменных напрамкаў, умераны, вільготнасць да 90 %.

У суботу, 30 снежня, тэмпература можа вагацца ў дыяпазоне +1–6 °, а ў нядзелю, 31 снежня, на тэрмометрах мы пабачым +1–4 °.

СП, belsat.eu

 

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны