Сітуацыя ва Украіне: Расейцы зайшлі ў Багданаўку пад Бахмутам

«Белсат» падводзіць вынікі 669-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 24 снежня чытайце ў нашым аглядзе.

Ілюстрацыйны здымак. Украінская вайсковая тэхніка. Фота: Генеральний штаб ЗСУ /Facebook

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На паўночным усходзе Харкаўскай вобласці найбольш актыўным участкам фронту застаюцца ваколіцы сяла Сынькоўка ў Купянскім раёне.

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра 17 няўдалых атак праціўніка.

Між тым прарасейскі тэлеграм-канал «Белорусский силовик» сцвярджае, што войскі РФ занялі частку пазіцыяў ЗСУ на поўначы ад населенага пункту.

Аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што цяпер расейцы намагаюцца замацавацца ў самім сяле.

Пры гэтым Збройныя сілы Украіны трымаюць актыўную абарону і контратакуюць па меры магчымасці.

Акрамя гэтага на купянскім кірунку працягваюцца цяжкія пяхотныя баі каля Іванаўкі.

На суседнім ліманскім кірунку Узброеныя Сілы РФ прасунуліся на ўсходзе сяла Церны ў Данецкай вобласці.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў піша, што цяпер пазіцыі УС РФ знаходзіцца за 4 кіламетры ад населенага пункту. Адзначаецца, што Церны з’яўляюцца важнай лагістычнай кропкай для ЗСУ, праз якую ажыццяўляецца забеспячэнне групоўкі войскаў на левым беразе ракі Жарабец.

Акрамя гэтага фіксуецца цяжкая сітуацыя для ўкраінцаў на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва з поўдня ад сяла Дзіброва.

На іншым беразе ракі Северскі Данец войскі РФ намагаюцца палепшыць сваё тактычнае становішча каля Белагораўкі ў Луганскай вобласці.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку Узброеныя Сілы РФ працягваюць маштабную наступальную аперацыю, у выніку якой разлічваюць заняць горад Часаў Яр.

Украінскае камандаванне піша, што цягам содняў сілы абароны краіны адбілі 11 атак праціўніка каля населеных пунктаў Багданаўка, Іванаўскае, Клішчыеўка і Андрэеўка.

Разам з тым у Deepstate фіксуюць прасоўванні расейцаў у Багданаўцы на 300-500 метраў углыб сяла. Адначасова з гэтым на поўначы ад населенага пункту войскі РФ замацаваліся ў лесапасадках.

Таксама аналітыкі адзначаюць, што расейцы ўзмацняюць ціск на Іванаўскае па трасе з боку мясцовых лецішчаў (на паўднёвым захадзе ад Бахмуту).

У гэты ж час Сямён Пегаў гаворыць, што ЗСУ контратакавалі каля населеных хромаў Хромава і Верхнякамянка, у выніку чаго вярнулі шэраг раней страчаных пазіцыяў.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

Ініцыятыва расейскіх вайскоўцаў захоўваецца і ў ваколіцах Данецку.

На поўначы аўдзееўскага кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, сілы абароны адбілі 25 атак праціўніка каля Новабахмутаўкі, Стэпавога і самой Аўдзееўкі, пры гэтым на поўдні – 15 атак у ваколіцах Севернага, Первамайскага і Невельскага.

Па словах аналітыкаў Deepstate, расейцы актывізаваліся паміж чыгуначнымі лініямі на паўночным захадзе ад Аўдзееўкі, намагаючыся падысці да населенага пункту Ачэрэтына. Адначасова з гэтым УС РФ намагаюцца замацавацца ў сяла Стэпавое, але пакуль украінскім вайскоўцам удаецца выбіваць праціўніка.

Сямён Пегаў сцвярджае, войскі РФ выйшлі да ўчастку трасы М-04 на паўднёвым усходзе ад Первамайскага (з боку Вадзянога). Таксама ваенкор піша пра пераход пад поўны кантроль расейцаў тэрыторыі садовага таварыства «Вінаграднікі» на паўднёвым усходзе ад Аўдзееўкі.

На мар’інскім кірунку расейцы наступаюць на Новаміхайлаўку і самую Мар’інку.

«Белорусский силовик» піша, што на поўначы ад Мар’інкі расейцы занялі некалькі апорных пунктаў праціўніка.

У Deepstate гавораць, што УС РФ занялі пасадку на паўднёвым захадзе ад гораду.

Пры гэтым аналітыкі адзначаюць поспехі ЗСУ каля Новаміхайлаўкі: тут яны выбілі расейцаў з тэрыторыі фермы на поўдні ад сяла.

Бярдзянскі і мелітопальскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай вобласці)

На поўдні Украіны асноўныя баявыя дзеянні засяроджаныя на поўдні ад гораду Арэхаў у Запарожскай вобласці.

Украінскі бок паведамляе пра адбіццё ўсіх атак праціўніка каля сяла Работына і на паўночным захадзе ад Вэрбовага.

Адзначаецца, што расейцы наступаюць шматлікімі пяхотнымі групамі і маюць вялізныя страты.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Die Welt: Украіна плануе новы контрнаступ

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны