У міліцыі распавялі, што будзе, калі запусціць феерверк, петарды ці хлапушкі ў навагоднюю ноч

Нічога супрацьзаконнага ў святкаванні Новага года з выкарыстаннем яркай піратэхнікі няма. Але толькі пры ўмове захавання правілаў. У Берасцейскім РАУС распавялі аб адказнасці за выкарыстанне салютаў, феерверкаў, петард і хлапушак у навагоднія святы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: pexels.com

У Беларусі феерверкі на святы можна запускаць абмежавана – толькі з 16 гадоў і на вуліцы. Выключэнне – бенгальскія агні і хлапушкі, але і з імі трэба быць таксама ўважлівымі. Запускаць феерверкі можна не бліжэй, чым за 150 метраў ад жылых пабудоў і збудаванняў.

«Памятайце, што петарды таксама небяспечныя. Іх забаронена выкарыстоўваць у грамадскіх месцах, гэта можа быць кваліфікавана як дробнае хуліганства. Петарды ля дамоў, у грамадскіх месцах (гэта пляцоўкі, паркі, тратуары, рынкі, дваровыя тэрыторыі навучальных устаноў і дамоў) строга забароненыя», – распавялі ў міліцыі.

Выкарыстанне піратэхнікі ў грамадскіх месцах, а таксама паблізу жылых дамоў можа абярнуцца прыцягненнем да адказнасці.

За гэта пагражае штраф у памеры ад 2 да 30 базавых велічыняў, ці грамадскія працы, ці адміністрацыйны арышт. Па дадзеным артыкуле адказнасць надыходзіць з 14 гадоў. А калі пры выкарыстанні піратэхнікі будзе нанесена значная шкода здароўю або маёмасці навакольных, то парушальніку можа пагражаць крымінальная адказнасць. Пакаранне – ажно да 10 гадоў пазбаўлення волі.

СП, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны