Расейскі фінансавы рынак падае праз канфлікт з Украінай. Як гэта зачэпіць Беларусь?

Курс расейскага рубля і індэксы расейскіх біржаў пайшлі ўніз з сярэдзіны восені 2021 года, калі з’явілася прадчуванне магчымага маштабнага нападу Расеі на Украіну. І чым больш навінаў пра магчымую вайну, тым глыбей падзенне.

Расейскія рублі. Фота: Фотобанк Moscow-Live / Flickr, CC BY-NC-SA 2.0

На 24 студзеня курс перавысіў 78 расейскіх рублёў за долар ЗША – максімум з восені 2020 года. 25 студзеня рост прыпыніўся. Два тыдні таму за долар прасілі 74,5 расейскага рубля. Курс беларускага рубля пакуль больш стабільны: вагаецца ў раёне 2,58-2,60 за долар і 3,3-3,4 беларускага рубля за 100 расейскіх.

Учорашняе падзенне на расейскіх біржах было, падобна, звязанае з навінамі пра эвакуацыю з Украіны сем’яў заходніх амбасадараў. Банк Расеі 24 студзеня нават вырашыў не купляць валюту на ўнутраным рынку, каб знізіць фінансавую няўстойлівасць. Але падзенне трывае з мінулай восені, калі Расея пачала сцягваць войскі да межаў Украіны.

Сем’і дыпламатаў эвакуююць з Кіева, амерыканцаў у Беларусі папярэдзілі аб небяспецы. Заўтра вайна?

Напрыклад, індэкс Маскоўскай біржы з кастрычніка 2021 года па сёння падае падобна да таго, як падаў у лютым-сакавіку 2020 года, калі пачалася пандэмія каронавірусу – павольней і з часцейшымі «зубцамі» на графіку, але ўжо амаль на тыя ж адсоткі. Індэкс РТС падае з сярэдзіны лістапада-2021, эфект ужо таксама параўнальны з пачаткам пандэміі. Хіба падзенне курсу расейскага рубля не такое рэзкае – але ўжо амаль да ўзроўню сакавіка-2020. Што з валавым унутраным прадуктам за мінулы квартал, яшчэ невядома, але інфляцыя ў 2021 годзе ў Расеі была максімальнай з 2015-га, паскорылася восенню.

Расейскае выданне РБК задаецца пытаннем, ці «пройдзенае дно» і прыходзіць да высновы, што расейскі рубель і біржавыя індэксы могуць упасці яшчэ далей. Рубель «ва ўладзе геапалітыкі», нават самыя ўстойлівыя акцыі (як «Лукойл» ці «Маскоўскі крэдытны банк») ужо ўпалі на некалькі адсоткаў з пачатку года, а самыя неўстойлівыя – больш як на чвэрць (акцыі «Ozon» маюць -44 %, акцыі «VK Group» маюць –33 %).

Наколькі ўсё кепска для Беларусі

Беларускі эканаміст, які пажадаў застацца ананімным, звяртае ўвагу «Белсата»: падзенне пакуль не ў расейскай эканоміцы агулам, а менавіта ў фінансавым рынку, падаюць акцыі, аблігацыі, рубель.

Сцягванні войскаў і ўзбраенняў ужо не толькі на расейска-украінскую мяжу, але і ў Беларусь, ультыматум Расеі да Захаду, перамовы з NATO і Злучанымі Штатамі – ад гэтага ўсяго замежныя інвестары прадаюць расейскія актывы, акцыі расейскіх кампаніяў, аблігацыі. На расейскія рублі, здабытыя з гэтага, купляюць валюту – ад таго следам за біржавымі індэксамі падае рубель.

Беларускі валютны рынак ужо «аўтаматычна» рэагуе на змены курсу расейскага рубля: долар і еўра растуць да беларускага рубля, курс расейскага да беларускага зніжаецца. Такія ваганні не прыводзяць да асаблівых наступстваў для беларускай эканомікі або да экспарту, кажа эканаміст.

Ад інфляцыі да палітвязняў. Самыя гучныя лічбы 2021 года ў жыцці Беларусі

Для экспарту маглі б быць праблемы, калі б беларускі рубель моцна падаў ці ўзмацняўся адразу да ўсіх валютаў, але з кошыкам валютаў сумарна не адбываецца нешта кепскае. А так – беларуская прадукцыя становіцца крыху больш канкурэнтаздольнай на рынках, дзе яе купляюць за долары і еўра, крыху менш канкурэнтаздольнай у Расеі. Але змены курсаў – у межах 3 %, такія наўрад ці заўважна адаб’юцца на экспарце і імпарце.

Моцныя наступствы ўзнікалі, калі курс быў не «плаваючым», а калі яго штучна ўтрымлівалі, як у 2011 годзе. Цяпер курс адэкватна звязаны з попытам і прапановай, кажа эканаміст.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: belsat.eu

Раней абвастрэнні між Расеяй і Украінай самі па сабе не моцна адбіваліся на беларускай эканоміцы: тут свае праблемы, звязаныя з санкцыямі. Беларускія экспарцёры нават былі ў выйгрышы ад пашырэння паставак беларускіх нафтапрадуктаў замест расейскіх.

«Але цяперашняя сітуацыя адрозніваецца ад мінулых тым, што Беларусь пачынае ў гэты канфлікт уцягвацца, – адзначае эканаміст. – Тут ужо і прысутнасць расейскіх войскаў: нібы для вучэнняў, але, як паведамляюць, яны канцэнтруюцца на ўкраінскіх межах. І афіцыйныя заявы, што ў выпадку канфлікту Масквы і Кіева Менск у баку не застанецца.

У выпадку негатыўнага развіцця падзеяў, калі расейскія войскі пойдуць з беларускай тэрыторыі ці калі, не дай божа, беларускія войскі будуць тады ўцягнутыя, гэта будзе дадатковым ударам па беларускай эканоміцы і беларускім рублі».

«Лукашэнка прывык гуляць з агнём». Што стаіць за планамі правесці расейска-беларускія вучэнні на мяжы з Украінай і ЕЗ

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны