З 1 лютага з Мемарыяльнага музею-майстэрні Заіра Азгура праз рэпрэсіі вымушаныя пайсці дырэктарка і пяць адмыслоўцаў – гэта 60 % ад навуковага і творчага складу. Пра гэта паведамляе «Reform».
У прыватнасці, «на ўласнае жаданне» будзе звольненая Аксана Багданава, якая была дырэктаркай Музею-майстэрні Заіра Азгура 19 гадоў. Пад ейным кіраўніцтвам установа таксама зрабілася сучасным культурніцкім і арт-цэнтрам. Тут праводзіліся выставы, канцэрты, фестывалі, майстар-класы, падзеі лакальнага і міжнароднага ўзроўню.
Разам з Багданавай сыходзіць асноўны касцяк творчых і навуковых работнікаў, уключаючы старэйшых навуковых работнікаў Майстэрні, крытыкаў і куратараў Уладзіміра Парфянка і Мікалая Паграноўскага.
Уладам не спадабаліся «дэструктыўна настроеныя» творчыя працаўнікі, з удзелам якіх у Майстэрні праводзіліся імпрэзы. У выніку Міністэрства культуры і Менгарвыканкам запланавалі далучыць установу да Музею гісторыі гораду Менску.
Якуб Хруст belsat.eu