Беларус перавёў ашуканцам 27 тысяч рублёў, каб пазбегнуць ператрусу

Ашуканцы патэлефанавалі жыхару Маладзечна пад выглядам супрацоўнікаў сотавай сеткі і «Міністэрства фінансавых расследаванняў» і Нацбанку. Мужчыну напалохалі нібыта адкрытай на яго крымінальнай справай і выманілі ў яго 27 тысяч рублёў, распавядае УУС Менскага аблвыканкаму.

Беларускія рублі і долары ЗША. Менск, Беларусь. 27 красавіка 2021 года. Фота: Белсат

«Махляр распавёў мужчыну, што ў яго кватэры будзе праходзіць ператрус і пацікавіўся, ці маюцца ў гараджаніна незадэклараваныя грошы. Пасля станоўчага адказу на пытанне “супрацоўнік” папярэдзіў, што пры ператрусе ўсе назапашванні мужчыны канфіскуюць.

Да наступнай размовы падключыўся “супрацоўнік Нацыянальнага банку”, дапамагаючы гараджаніну ў дэклараванні назапашаных зберажэнняў, пазбягаючы тым самым канфіскацыі. Паводле парадаў спецыяліста, усе грошы трэба было пакласці на тры рахункі, якія належаць страхавому агенту», – піша прэс-служба УУС Менскага аблвыканкаму.

Пасля таго як мужчына пералічыў грошы, з ім зноў звязаліся і сказалі, што яго падманулі і нібыта на яго імя ўзялі крэдыт на суму 15 тысяч рублёў. Каб выправіць сітуацыю і знайсці злачынцаў, яму прапанавалі ўзяць крэдыт на такую ж суму.

«Калегі па працы падказалі, што гараджаніна падманулі, аднак да гэтага моманту ашуканцы ўжо выкралі ў яго 27 тысяч рублёў», – распавядае УУС Менскага аблвыканкаму.

Узбуджана крымінальная справа па факце махлярства.

Гэта не першы выпадак, калі ашуканцы прыкідваюцца ў тым ліку супрацоўнікамі Нацыянальнага банку. Нацбанк папярэджваў, што яго работнікі ніколі не патэлефануюць вам.

Пачасціліся выпадкі махлярства, калі прыходзяць паведамленні нібыта ад «Белпошты». Што рабіць?

Арсен Рудэнка belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны