Нават без візы і пашпарта: суседзі Украіны адкрываюць свае межы для ўцекачоў

Суседнія з Украінаю дзяржавы адкрываюць свае межы для ўцекачоў і спрашчаюць правілы ўезду. У Польшчы разгарнулася шырокая кампанія дапамогі тым, хто бяжыць ад вайны. Распавядаем падрабязнасці.

Уцекачы мінаюць пешшу ўкраінска-польскую мяжу ў пункце Мэдыка (арыг. Medyka), Польшча. 24 лютага 2022 года. Фота: Белсат

Польшча – асноўны кірунак уцёкаў з Украіны. Украінцы і беларусы, усе, хто бяжыць з-пад абстрэлаў, могуць выехаць праз любы памежны пераход на ўкраінска-польскай мяжы. Яны ўсе адкрытыя. Каронавірусныя абмежаванні – наяўнасць тэстаў і каранцін – адмененыя.

Праз мяжу можна ехаць, нават калі няма візы: заяўку на ўцякацтва прымуць проста на мяжы. Польскі ўрад разгарнуў там некалькі мабільных пунктаў прыёму ўцекачоў.

Наяўнасць пашпарта таксама неабавязковая. Галоўнае, каб быў хоць які дакумент з вашым фотаздымкам, які пацвярджае асобу, нават калі гэта проста даведка з міграцыйнай службы.

Праўда, з украінцаў могуць выехаць толькі дзеці, жанчыны і мужчыны сталага веку, бо абвешчаная ўсеагульная мабілізацыя мужчынаў векам 18–60 гадоў.

Расея наносіць па Кіеве ракетныя ўдары. Другі дзень вайны ва Украіне. ОНЛАЙН

Славаччына таксама спрасціла ўезд уцекачоў з Украіны

Паводле інфармацыі МУС, працуюць усе памежныя пераходы на мяжы з Украінай, акрамя чыгуначнага памежнага пераходу Ч’ерна-над-Цісоў – Чоп: там спынены пасажырскі рух.

Пераход мяжы дазволеныя ўсім, хто ратуецца ад вайны. Заехаць могуць і тыя, хто не мае пашпарта, але, як і ў выпадку з Польшчаю, варта мець хоць які-небудзь дакумент.

Вугоршчына ўвяла часовую ахову ўкраінцам, якія прыбываюць з Украіны, і грамадзянам трэціх краінаў, якія законна пражываюць на тэрыторыі Украіны (то бок з відам на жыхарства).

Ва ўкраінска-польскім пункце пропуску Шэгіні – Мэдыка – чэргі з аўтамабіляў. Фота: depositphotos.com

Дапамога ўцекачам у Польшчы

Кампанія «BY_help» разам з Беларускім моладзевым хабам пачалі шырокую кампанію дапамогі ўцекачам у Польшчы, да якой можа далучыцца кожны, хто жыве ў гэтай краіне. Першае, што можна зрабіць ужо цяпер, – прыняць уцекача да сябе дамоў. У агульнай базе ахвочых дапамагчы такім чынам больш за 150 заявак з розных польскіх гарадоў. Да кампаніі далучылася польская гатэльная асацыяцыя і польскі Касцёл. Палова тых, хто падаў заяўкі, гатовая прыняць у сябе ўцекачоў на тэрмін да двух тыдняў.

Таксама ствараецца база перавознікаў, гатовых вазіць людзей ад польска-ўкраінскай мяжы ў розныя гарады Польшчы. Ужо ёсць дзясяткі заявак.

Вядуцца перамовы з гатэльнымі сеткамі для стварэння магчымасцяў для даўжэйшага пражывання ўцекачоў, таксама ствараецца інфраструктура прававога і міграцыйнага падтрымання.

У сеціве таксама з’явілася мапа экстранай дапамогі ад Цэнтру беларускай салідарнасці. Лекі, ежа, вада, вопратка, начлег, транспарт ці доктар.

Кожны, хто хоча дапамагчы мірнаму насельніцтву ў час вайны, можа змясціць сваю абвестку на мапе дапамогі. Каб дадаць пункт дапамогі, трэба запоўніць кароткую анкету.

Расея напала на Украіну. Агляд галоўных падзеяў першага дня вайны

belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны