Лукашэнка пра ціск на Беларусь і Расею на міжнародных пляцоўках: Мы адтуль не сыйдзем

Не гледзячы на ціск на міжнародных пляцоўках, які сёння аказваецца на Беларусь і Расею з-за вайны ва Украіне, Лукашэнка не збіраецца змяншаць прысутнасць сваіх прадстаўнікоў у міжнародных структурах. Як перадае БелТА, аб гэтым ён заявіў падчас «Менскай лыжні».

Аляксандр Лукашэнка падчас «Менскай лыжні-2023». Фота: «Пул Первого» / Telegream / t.me/pul_1

Паведамляецца, што Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў «нападкі і правакацыі» у адносінах да прадстаўнікоў Беларусі і Расеі на міжнародных пляцоўках.

«Яны чакаюць, што мы пойдзем адтуль (з міжнародных пляцовак). Ніколі не трэба рабіць так, як хоча твой вораг або праціўнік. Гэта аксіёма. Таму мы адтуль не пойдзем. Яны не нас абразілі і не расейцаў. Яны паказалі свой твар у чарговы раз», – адзначыў беларускі правіцель.

Каментуючы ціск, з якім сутыкнулася Беларусь і Расея ў міжнародных структурах з-за вайны ва Украіне, Лукашэнка эмацыянальна зазначыў, што гэта не варта каментароў: «Няхай віскочуць, няхай крычаць. Мы павінны ісці сваёй дарогай, сваім шляхам. Сабака брэша – караван ідзе. Вось па гэтым прынцыпе і мы павінны жыць і працаваць. Не звяртаць увагі і нават не каментаваць. Паказваць іх нахабства і ідыятызм. Усё. Больш нічога не трэба».

Раней паведамлялася, што 24 лютага Парламенцкая асамблея АБСЕ выпусціла сумесную заяву ў гадавіну ўварвання Расеі ва Украіну. У ёй прапаноўваецца накласці выдаткі ад вайны на Расею і на Беларусь, пакуль яна падтрымлівае расейскае ўварванне.

«Такія рэжымы нельга ўлагоджваць». Ціханоўская і Савіных выступілі на ПА АБСЕ

Само правядзенне паседжання ПА АБСЕ суправаджалася скандаламі. Беларускі дэпутат Андрэй Савіных 24 лютага спрабаваў сарваць выступленне Святланы Ціханоўскай, заявіўшы, што яна не мае права выступаць на Парламенцкай Асамблеі. Тым часам, Ціханоўская сядзела ў першых шэрагах удзельнікаў асамблеі, а дэлегацыі афіцыйных Беларусі і Расеі былі пасаджаны ў самы задні шэраг. Не чакаючы выступу абранай прэзідэнткі, лукашэнкаўская дэлегацыя пакінула залю. У сваім выступе перад удзельнікамі асамблеі Святлана Ціханоўская адзначыла, што «такія рэжымы нельга ўлагоджваць». Днём раней, 23 лютага у знак пратэсту супраць удзелу дэлегацыі Расеі ў паседжанні ПА АБСЕ перад выступам прадстаўніка РФ залю пакінула большасць удзельнікаў.

Скандал на Парламенцкай асамблеі АБСЕ: палова дэлегатаў пакінула паседжанне праз Расею

25 лютага стала вядома, што краіны Еўрапейскага звязу ўзгаднілі чарговы пакет санкцыяў супраць Расеі. Ён ужо дзясяты па ліку. Сярод санкцыяў новага пакету – больш жорсткія абмежаванні на экспарт у адносінах да тавараў падвойнага прызначэння і тэхналогіяў і адрасныя абмежавальныя меры ў дачыненні да фізічных асоб і юрыдычных асоб РФ. Апроч таго, у пакеце – меры супраць расейскай дэзынфармацыі.

Антон Тачняк belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны