Лукашэнка пра закрыццё памежных пераходаў: Нам ад гэтага ні горача, ні холадна

Лукашэнка рэзка і эмацыйна выказаўся наконт рашэнняў польскіх улад абмежаваць рух для грузаперавозчыкаў праз пункты пропуску на мяжы з Беларуссю. Аб гэтым перадае БелТА з «Менскай лыжні-2023».

Сітуацыя на польска-беларускай мяжы. Чарга з фур пачынаецца кіламетраў за 45 ад мяжы, часам стаяць у два рады. Беларускіх нумароў на машынах вельмі мала, у асноўным польскія. Стаяць па 3-4 содняў. Што будуць рабіць пасля закрыцця мяжы – не ведаюць. 21 лютага 2023 года. Фота: Vot Tak TV / Белсат

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Польшча ўзяла на сябе ролю «дырэктара шлагбаўма». Паводле правіцеля, рашэнне польскіх уладаў абмежаваць рух грузавога транспарту праз беларуска-польскую мяжу менш закранаюць Беларусь, але балюча ўплываюць на інтарэсы грузаперавозчыкаў, якія едуць у Азію.

«Хочаце вы нашкодзіць Расеі – паспрабуйце, у вас ёсць мяжа з Калінінградскай вобласцю. Беларусі хочаце нашкодзіць – нашкодзьце тут, у нас жа вялізная, тысячу кіламетраў мяжа. Але што ж вы адсякаеце тых, хто вас корміць? Казахстан сёння, асабліва калі ўвялі санкцыі супраць вуглевадароду ў Расеі, забяспечвае Еўропу вуглевадародамі, нафтай. Навошта ж вы іх высеклі? Людзі страцілі працу», – выклаў сваё меркаванне Лукашэнка.

Таксама Лукашэнка лічыць, што ад абмежавання руху грузавога транспарту праз мяжу церпяць і польскія грузаперавозчыкі. «Нам ад гэтага ні горача, ні холадна, мы ж туды не ездзім. Мы заехалі ў Польшчу ці на нашай тэрыторыі яны зачапілі прычэп і пацягнулі. Палякі, Еўразвяз да нас заехалі, мы бярэм прычэп і вязем далей. Мы даўно ўвялі гэты парадак. Мы ж таксама іх не гладзім па галоўцы».

Дарагая лагістыка. Кошты на імпартныя тавары зноў пайшлі ў рост

Лукашэнка рэзка выказаўся ў адрас польскіх уладаў, абвінаваціўшы іх у жаданні праз абмежаванні грузавых перавозак адстойваць інтарэсы ЗША: «Навошта яны цяпер увялі? Хочуць паказаць сваю значнасць перад патронам, які нядаўна прыязджаў да іх. Трэба ж было паказаць, што яны тут за амерыканцаў «ваююць» і гатовы на ўсё – і сабе ў галаву стрэліць. Проста ідыёцкі ўчынак».

Узгадаўшы пра бязвізавы рэжым з боку Беларусі для ўсіх грамадзян Літвы і Польшчы, Лукашэнка выказаўся, што гэта раздражняла кіраўніцтва суседніх краінаў. Дыктатар таксама выказаў пагрозу ў адрас кіраўніцтва Польшчы і Літвы, лічачы, што незадаволеныя памежнымі абмежаваннямі польскія і літоўскія грамадзяне будуць адпаведным чынам галасаваць на выбарах, бо яны, маўляў, хочуць, каб было як у Беларусі.

«Калі прыехалі палякі, літоўцы да нас, паглядзелі на нашу «дыктатуру» і гавораць: «Мы таксама хочам». А хацелкі народу Літвы і Польшчы не супадаюць з хацелкамі і дзеяннямі ўлад Польшчы і Літвы. Гэта галоўнае. Але людзі разбяруцца. У іх у бліжэйшы час таксама выбары за выбарамі. Вось паглядзім, як дэмакратычна яны правядуць іх. Калі яны дадуць людзям прагаласаваць, народы іх змятуць», – цытуе Лукашэнку БелТА.

Хроніка абвастрэння стасункаў паміж Беларуссю і Польшчай

Нагадаем, 10 лютага Польшча закрыла памежны пераход «Баброўнікі» на нявызначаны тэрмін, што адбылося пасля прысуду ў 8 гадоў аднаму з лідараў польскай дыяспары ў Беларусі Анджэю Пачобуту. Пасля гэтага 17 лютага ўрад Беларусі прыняў пастанову, згодна якой зменены парадак руху польскага грузавога транспарту праз мяжу і тэрыторыю Беларусі.

У той жа дзень, 17 лютага,  у Міністэрства замежных спраў Беларусі быў выкліканы Часовы павераны ў справах Польшчы Кшыштаф Ажанна. Беларускі бок запатрабаваў скараціць штат Генеральнага консульства Польшчы ў Горадні і назваў бессэнсоўным далейшае знаходжанне на тэрыторыі Беларусі афіцэра сувязі Памежнай службы Польшчы. У адказ кіраўнік Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Мар’юш Каміньскі пастанавіў з 21 лютага абмежаваць рух беларускіх грузавых аўтамабіляў на памежным пераходзе Кукурыкі-Казловічы.

23 лютага Польшча паведаміла, што ваенны аташэ Беларусі найбліжэйшым часам пакіне Польшчу. Гэта адказ Польшчы на рашэнне Менску выправадзіць з Беларусі афіцэра сувязі Памежнай службы Польшчы і двух працаўнікоў польскага кансулату з Горадні.

24 лютага стала вядома пра тое, што на мяжы з Беларуссю і Расеяй Польшча пачала ўсталёўваць дадатковыя ўмацаванні. Першыя супрацьтанкавыя перашкоды ўжо з’явіліся на мяжы з Калінінградскаю вобласцю.

Беларусь – Польшча. Новы «берлінскі мур» на гады

Антон Тачняк belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны