У Судане захапілі біялабараторыю. Сусветная арганізацыя здароўя б’е трывогу

Прадстаўнік Сусветнай арганізацыі здароўя (WHO) расказаў 25 красавіка аб «высокім рызыку біялагічнай пагрозы» ў сувязі з захопам у Судане адной з лабараторыяў, перадае «Reuters». 

Знак біялагічнай пагрозы. Выява: pixabay.com

Які з бакоў канфлікту захапіў лабараторыю і які менавіта будынак захоплены, не паведамляецца. Але, як цытуе прадстаўніка WHO «Al Arabiya», лабараторыя знаходзіцца ў сталіцы Судану Хартуме, а ў лабараторыі знаходзяцца ўзбуджальнікі адру, халеры і іншыя небяспечныя матэрыялы.

Паводле прадстаўніка WHO, 24 красавіка адзін з бакоў канфлікту выгнаў усіх спецыялістаў з лабараторыі. Байцы, якія занялі будынак, не пускаюць у лабараторыю тэхнікаў, якія маглі б гарантаваць бяспеку матэрыялаў. Праблемы ў лабараторыі не толькі праз небяспечныя матэрыялы, але і праз брак спраўных генератараў энергіі.

Баі ў Судане распачаліся 15 красавіка між узброенымі сіламі дзяржавы і мяцежнымі падраздзяленнямі Сілаў аператыўнай падтрымкі (RSF), а прычынай сталі планы перадаць уладу ад вайскоўцаў цывільным і інтэграваць RSF ва ўзброеныя сілы. Паводле WHO, з таго дня былі забітыя як мінімум 459 чалавек, яшчэ 4072 атрымалі раненні.

У час баёў быў практычна знішчаны самалёт беларускай авіякампаніі, але экіпаж не пацярпеў і чакае эвакуацыі.

Беларусам у Судане сказалі чакаць эвакуацыі: баі працягваюцца, нягледзячы на спробы замірэння

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны