Беларускае грамадства перажывае няпросты перыяд: няспынныя рэпрэсіі, масавая эміграцыя і разрыў сувязяў. Незалагоджаны палітычны крызіс і вайна ва Украіне востра адбіваюцца на беларусах, асабліва на моладзі. Пра што думаюць маладыя беларусы і ці звязваюць сваю будучыню з Беларуссю? Пра гэта шукаем адказ у даследаванні, праведзеным экспертамі моладзевай арганізацыі «РАДА».
Даследаванне праводзілася шляхам апытання інтэрнэт-карыстальнікаў ва ўзросце 14–31 гадоў. Першы этап даследавання праходзіў у 2019–2020 гадах, тады апыталі 1073 рэспандэнтаў, якія жывуць у Беларусі, з’ехалі ці збіраюцца эміграваць. Пасля пачатку вайны, у лютым 2022-га, даследаванне працягнулася: апыталі яшчэ 519 асобаў. Таксама адбыліся фокус-групы.
У 2022 годзе ў параўнанні з 2020-м болей актыўнасці назіралася перадусім у адукацыі, спорце, а таксама ў хатняй сферы (сям’я, дзеці, дом). Паказнікі актыўнасці, звязаныя з грамадскай дзейнасцю, палітыкай, навукай, бізнесам, культурніцкім жыццём, практычна не змяніліся або засталіся на тым жа ўзроўні. Больш як удвая знізілася актыўнасць у сферы падарожжаў, што тлумачыцца пандэміяй COVID-19 і цяжкасцямі ў атрыманні візы.
Калі казаць пра змены, што адбыліся з 2020 да 2022 года, даволі значна падае цікавасць да такіх сфераў, як культурніцкае жыццё, ахова здароўя, палітыка (у 2 разы), грамадская дзейнасць (больш як у 2 разы).
Палова апытаных марыць займацца бізнесам, але не ведае, як сябе зрэалізаваць. Значная частка маладых людзей цікавіцца блогамі.
Найбольш запатрабаваныя – гэта абмен досведам (34 %), самарэалізацыя (30 %) і стажаванні (27 %), затым ідуць новыя кантакты і адукацыйныя праграмы (18 %, у 2020 годзе было 23 %).
Моладзь не атрымлівае і не чакае ніякай дапамогі ад дзяржаўных арганізацыяў і інстытутаў (прафсаюзаў, сацыяльных службаў, цэнтраў занятасці і г. д.).
Пра дзейнасць НДА многія маладыя людзі нават не чулі, у тым ліку праз тое, што большасць з іх былі зліквідаваныя ў Беларусі, а іх сацыяльныя сеткі прызнаныя экстрэмісцкімі. У 2022 годзе рэспандэнтаў прасілі назваць дзве-тры НДА, што першымі прыйдуць на думку. Траціна рэспандэнтаў не здолела нічога адказаць на гэтае пытанне; найбольш распаўсюджанымі адказамі сталі «прафсаюзы» (10,6 %), БРСМ (8,7 %), «спартовыя арганізацыі» (6,9 %), «царква, рэлігійныя арганізацыі» (3,3 %). З «уласных імёнаў» таксама даволі часта называлі «Чырвоны Крыж» (2,3 %), згадкі іншых арганізацыяў насілі адзінкавы характар. Акрамя таго, у якасці арганізацыяў грамадзянскай супольнасці называліся СМІ, палітычныя партыі, сям’я, ВНУ, тэатры ды інш. Эксперты адзначаюць: калі ўзровень пазнавальнасці арганізацыяў хоць амаль не перавышае мяжу статыстычнай хібнасці, то ўзровень удзелу ў іх практычна нулявы.
Больш за чвэрць апытаных не ведаюць, якія спосабы ўдзелу моладзі ва ўладкаванні грамадскіх праблемаў, узмацнення свайго голасу маглі б быць эфектыўнымі. Найбольш папулярным адказам застаецца «адукацыя». За два гады вырасла доля тых, хто лічыць блогерства і галасаванне на выбарах эфектыўным спосабам узмацнення свайго голасу, яны выйшлі на другое і трэцяе месца ў рэйтынгу эфектыўнасці.
У два разы (з 24 % у 2020-м да 12 % у 2022-м) знізілася папулярнасць нефармальнай адукацыі як спосабу ўдзелу ва ўладкаванні праблемаў. Удзел у палітычных партыях і кансультацыйных радах, на думку моладзі, усё гэтак жа найменш эфектыўны.
З Беларусі зʼехалі ці плануюць зʼехаць найбліжэйшым часам 12,3 % рэспандэнтаў, а яшчэ 28,3 % хацелі б гэта зрабіць, але не маюць магчымасці. Такім чынам, каля 40 % беларускай моладзі ў той ці іншай ступені рашучасці і ўпэўненасці не хацелі б сёння заставацца ў Беларусі. Міграцыйныя настроі практычна не звязаныя з полам, узростам, узроўнем адукацыі або родам заняткаў апытаных.
Сярод прычынаў, праз якія маладыя людзі пакідаюць або плануюць пакінуць краіну, самая распаўсюджаная – магчымасці для добрага заробку, яе адзначаюць больш за палову тых, хто з’ехаў або з пэўнасцю плануе з’ехаць. Амаль палова з іх кажа, што не бачыць перспектываў для сябе ў Беларусі, 40,6 % не пачуваюцца ў Беларусі ў бяспецы.
З прычыны актыўнай эміграцыі паміж беларусамі разрываюцца сувязі. Зʼязджаюць не толькі сябры і блізкія, але і людзі, якія ладзілі нешта ўнутры краіны – закрываюцца пляцоўкі, знікаюць розныя арганізацыі ды ініцыятывы. Таму моладзь у Беларусі часта проста не разумее, куды сябе падзець. Усё гэта перажываецца вельмі глыбока і падштурхоўвае да пытання: «Калі зʼедзеш ты сам?» Само гэтае пытанне ўспрымаецца вельмі балюча.
У Беларусі яшчэ ёсць актыўныя людзі, якія ведаюць, што не могуць правесці публічна, напрыклад, фестывалю, прысвечанага правам чалавека, ці нейкай адукацыйнай імпрэзы. Разам з тым яны не разумеюць правілаў гульні: ці могуць яны зладзіць афіцыйна якую-небудзь простую сустрэчу або выставу, ці могуць бяспечна для сябе ўдзельнічаць у нейкіх курсах, адукацыйных праграмах. Пастаяннае намацванне межаў дазволенага і праблема бяспекі вымотваюць псіхалагічна.
Далягляд планавання ў беларускай моладзі расцягнуты максімум на некалькі месяцаў, і тое ўсё вельмі няпэўна. Беларусы наогул не разумеюць, што будзе адбывацца праз год ці два, таму пра планаванне карʼеры або сямʼі гаворкі не ідзе.
Пасля перыяду грамадска-палітычнай мабілізацыі ў 2020 годзе беларускае грамадства аказалася загнанае ў вельмі жорсткія рамкі, бадай, самыя жорсткія за постсавецкую гісторыю краіны. 2019–2020 гады сталі часам павышэння палітычнай актыўнасці і ў асяроддзі беларускай моладзі, аднак рэпрэсіі і агульнае пагаршэнне палітычных і прававых умоваў у 2020–2021 гадах значна аслабілі ўсе дасягненні гэтага перыяду.
Для беларускай моладзі застаюцца і паглыбляюцца ўсе тыя праблемы, што існавалі ў дакрызісны перыяд: атрыманне якаснай адукацыі, працаўладкаванне, павышэнне ўзроўню жыцця. Павялічыліся праблемы, звязаныя з вонкавай мабільнасцю, інфраструктурай баўлення вольнага часу, бяспекай жыцця ў краіне. У цэлым, беларуская моладзь адаптуецца да сітуацыі, аднак трэба зазначыць даволі высокі ўзровень міграцыйных настрояў.
Толькі траціна з апытаных у пачатку 2022 года (да пачатку гарачай фазы вайны ва Украіне) дакладна не мела планаў ці жадання пакінуць краіну. Пасля 24 лютага 2022 года доля тых, хто хацеў бы з’ехаць з Беларусі, вырасла. Гэтыя паказнікі як мінімум характарызуюць узровень псіхалагічнага дыскамфорту ў краіне.
Сёння палітыка рэжыму Беларусі сканцэнтраваная на знішчэнні любых формаў іншадумства і незалежнай актыўнасці людзей, у якой бы прадметнай сферы гэтая актыўнасць ні адбывалася. Гэта з непазбежнасцю адбіваецца на беларускай моладзі, яе ўцягнутасці і цікавасці да палітычнай і грамадскай дзейнасці.
Моладзевыя грамадскія арганізацыі, што і раней былі не надта вядомыя ў шырокіх колах беларускай моладзі, на фоне масавай ліквідацыі арганізацыяў, ад’езду значнай часткі актывістаў, рэпрэсіяў супраць тых, хто застаўся, страцілі большую частку тых магчымасцяў, што мелі раней.
Звесткі апытання паказваюць, што ў параўнанні з 2020 годам інтарэс да палітычнай і грамадскай дзейнасці, і так не надта высокі, у моладзевым асяроддзі знізіўся болей чым удвая. Праявіць ініцыятыву ўсё цяжэй не толькі ў палітычнай і грамадскай дзейнасці, але і ў бізнесе, прадпрымальніцтве, сферы самаадукацыі, культурнага развіцця, рэкрэацыі. Пры гэтым запыты на аднаўленне актыўнасці або развіццё ў розных сферах – ад бізнесу і нефармальнай адукацыі да ўдзелу ў прыняцці рашэнняў – растуць.
СП belsat.eu