Юлія Лейдзік і Яўген Канаплёў – дуэт фатографаў Канаплейдзікі – анансаваў запуск у Варшаве фотагуртка «Дружок» для «хлопчыкаў і дзяўчынак» узростам ад 55 гадоў.
Посмотреть эту публикацию в Instagram
У фотагурток запрашаюць тых, хто хоча бавіць час у кампаніі людзей, якія бачаць прыгожае, але не ведаюць, як гэта адлюстраваць. Запрашаюць і тых, хто самотны і мае патрэбу ў жывых шчырых стасунках.
Удзельнікам абяцаюць пяць жывых сустрэчаў, на якіх пакажуць, як сфатаграфаваць тое, чаго не заўважаць іншыя.
Акрамя ўзросту («55+») і лакацыі (Варшава) ніякіх абмежаванняў, як то патрабаванняў папярэдняга досведу, няма. Трэба толькі запоўніць анкету.
Праект ладзяць пры падтрымцы сеткі беларускіх мастакоў «PerspAKTIV» і еўрапейскай супольнасці фатографаў «Sputnik Photos» (ніяк не звязанай з расейскім дзяржаўным прапагандысцкім выданнем «Sputnik»).
Пашукаць анонсы іншых імпрэзаў беларусаў у эміграцыі можна ў мабільнай праграме «Новая Беларусь», а знайсці розныя кампаніі беларусаў за мяжою, як то школы танцаў ці студыі ёгі, можна на сайце «ByMapka».
Алесь Наваборскі belsat.eu