«Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» даведалася пра хвалю затрымання калегаў, якая трывае ад 20 траўня. Толькі ў лакаматыўным дэпо Менск 21 траўня схапілі шэсць машыністаў і памочнікаў машыніста.
Кіраўніцтва дэпо сцвярджае, што прычынай затрыманняў была перасылка ў мэсэнджарах і працоўных чатах фота аварыі 10 траўня, калі манеўраны лакаматыў сышоў з рэек каля станцыі «Менск-Сартавальны». Паводле супольнасці чыгуначнікаў, аварыю спрабавалі ўтаіць.
З ліку шасці затрыманых, пра якіх вядома супольнасці чыгуначнікаў, трох вызвалілі праз тры дні, тры застаюцца затрыманымі. Прынамсі двум інкрымінуюць «спрыянне экстрэмізму» – імаверна, гаворка пра артыкул 361-4 Крымінальнага кодэксу, паводле якога могуць пакараць пазбаўленнем волі на тэрміны да 7 гадоў.
Абвінавачаных звольнілі, таксама «прапанавалі» звольніцца начальніку адной са станцыяў лакаматыўнага дэпо – усё за тую ж перасылку здымкаў супрацоўнікамі.
Супольнасць чыгуначнікаў адзначае, што затрыманні і звальненні адбываюцца на тле вострага недахопу кадраў на чыгунцы. І нават ва ўмовах зніжэння аб’ёму грузаперавозак звальненне шасці супрацоўнікаў будзе адчувальным для лакаматыўнага дэпо.
Алесь Наваборскі belsat.eu