Амерыканская выведка ведала аб падрыхтоўцы мяцяжу Прыгожыным і папярэджвала кіраўніцтва

Амерыканская выведка мела звесткі пра рыхтаваны мяцеж Прыгожына яшчэ на пачатку тыдня, пра што дакладала вышэйшаму кіраўніцтву, пішуць амерыканскія выданні.

Кіраўнік баевікоў ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын. Растоў-на-Доне, Расея. 24 чэрвеня 2023 года. Скрыншот: Прэс-служба Прыгожына / Telegram

Са словаў журналістаў выдання The New York Times, выведка Злучаных Штатаў мела звесткі, што Яўгеній Прыгожын рыхтуецца да пэўных дзеянняў супраць прадстаўнікоў камандавання расейскай арміі, і выведка дакладвала аб гэтым свайму кіраўніцтву, але не разгалошвала такой інфармацыі, каб не быць абвінавачанай у арганізацыі самога мяцяжу.

Яшчэ 21 чэрвеня ўсе вядомыя звесткі былі агучаныя падчас брыфінгу з прадстаўнікамі Міністэрства абароны Злучаных Штатаў і адміністрацыі Белага дому. А на наступны дзень, атрымаўшы дадатковае пацвярджэнне сваім звесткам, супрацоўнікі выведкі паінфармавалі аб магчымых падзеях прадстаўнікоў амерыканскага Кангрэсу.

Уся інфармацыя, якую атрымала выведка, была пацверджаная як надзейная, разам з тым яна выклікала вялікую трывогу, бо гэтыя падзеі маглі прывесці да хаосу ў Расеі, а з улікам таго, што яна ядравая дзяржава – да непрадказальных наступстваў.

Паводле крыніцаў выдання CNN, заявы Прыгожына аб недахопе боезапасаў на правядзенне аперацыі ва Украіне былі свядомым падманам і рабіліся наўмысна, каб зрабіцца падставаю для будучага выкліку расейскаму вайсковаму кіраўніцтву.

Усё адбылося вельмі хутка, таму цяжка было зразумець ступень сур’ёзнасці заяваў Прыгожына і спрагназаваць тое, куды ён накіруе свае сілы, гавораць суразмоўцы CNN.

Раман Шавель belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны