Лукашэнка трэці раз за два дні паразмаўляў з Пуціным

Ананімны Telegram-канал «Пул первого» паведаміў пра новую тэлефонную размову Лукашэнкі з Пуціным. Напярэдадні, паводле афіцыйных звестак, яны размаўлялі двойчы.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацы. Бішкек, Кыргызстан. 14 чэрвеня 2019 года. Фота: kremlin.ru

Падрабязнасці гутаркі не раскрываюцца.

«Сёння раніцою Аляксандр Лукашэнка пагаварыў праз тэлефон з расейскім калегам Уладзімірам Пуціным», – напісаў ананімны Telegram-канал «Пул первого».

У Крамлі пра гэтую размову пакуль нічога не паведамілі.

Сёння ж Лукашэнка паразмаўляў з колішнім прэзідэнтам Казахстану Нурсултанам Назарбаевым: «Абмеркавалі міжнароднае становішча, сітуацыю ў рэгіёне і беларуска-казахскія стасункі».

Ціханоўская: Лукашэнка чарговы раз даказаў, што ён – пуцінская марыянетка

Напярэдадні Лукашэнка стэлефанаваўся з Пуціным двойчы. Пра першую размову таксама не далі падрабязнасцяў, паведамлялася толькі, што Пуцін сам патэлефанаваў, каб распавесці пра тое, што дзеецца ў Расеі.

Другая гутарка адбылася ўвечары, калі стала вядома пра залагоджванне канфлікту з ПВК Вагнэра пры пасярэдніцтве Лукашэнкі. Паведамлялася, што Пуцін падзякаваў яму «за праведзеную працу».

Справаздача ISW: роля Лукашэнкі ў канфлікце з Прыгожыным прыніжальная для Пуціна

Сяргей Крот belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны