Рэпрэсіі за абразу Z-сімволікі і турма для лекара. Рэпрэсіі 25 чэрвеня

Сілавікі рэпрэсуюць беларусаў, каб абараніць прасоўванне Z-ідэалогіі ў краіне. Пра гэта і іншыя парушэнні правоў людзей у Беларусі ў штодзённым аглядзе рэпрэсіяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: freepik.com

Пачынаецца завочны суд над 45-гадовым рэчыцкім актывістам Юрыем Шчучко. Яго абвінавачваюць адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу: «паклёп», «незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных», «загадзя ілжывае паведамленне аб небяспецы», «гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, альбо іншай асобы, якая выконвае грамадскі доўг», «абраза Аляксандра Лукашэнкі», «абраза прадстаўніка ўлады», «абраза суддзі альбо народнага засядацеля».

Праваабаронцам «Вясны» вядома, што Юрыя затрымалі за ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту ў Рэчыцы 30 жніўня 2020 года і пасля двух сутак аштрафавалі на 15 базавых велічынь. Асцерагаючыся далейшага пераследу, у верасні 2020 года Шчучко з’ехаў з Беларусі. Спачатку ён жыў ва Украіне, дзе займаўся грамадскай дзейнасцю, а пасля ўварвання туды расейскіх войскаў пераехаў у Польшчу.

Працэс будзе весці суддзя Іван Цалкоў.

У Берасці будуць судзіць лекара «Ладэ» Цімура Лозку. Да 2020 году ён працаваў анестэзіёлагам у Берасцейскім абласным шпіталі, але, падобна, быў звольнены, адзначаюць праваабаронцы. Перад затрыманнем ён працаваў рэаніматолагам-анестэзіёлагам у прыватнай клініцы «Ладэ». Лозку раней двойчы затрымлівалі па адміністратыўных справах – у кастрычніка 2020 за ўдзел у акцыі і ў сакавіку 2022 за антываенную акцыю.

Апошні раз яго затрымалі ў студзені. На відэа, якое знялі сілавікі, ён «прызнаваўся» у тым, што ахвяраваў рэсурсу «NEXTA». Суд над мужчынам пачнецца 4 ліпеня. Справу прызначаны весці суддзя Аляксандр Семянчук, на рахунку якога мінімум 34 палітычных прысуды.

Таксама праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі відэа са студэнтам, які нібыта пісаў каментары ў адкрытым тэлеграм-чаце 9-класнікаў. Хлопец «прызнаецца» ў тым, што пісаў каментары пра чырвона-зялёны сцяг, прадстаўнікоў улады і Лукашэнку, а таксама казаў, што хоча паехаць ва Украіну і ваяваць супраць расейцаў, паведамляе «Вясна».

У Берасці ГУБАЗіК прымусіў беларуса прасіць прабачэння ў расейскіх салдат за тое, што ён абурыўся Z-сімволікай у сваім горадзе. Берасцеец назваў абразлівым словам Z-сімволіку, калі пабачыў на вуліцы Z-актывістку Наталлю, якая ходзіць са сцягам Расеі з літарай «Z» на ім. Ён зрабіў жанчыне заўвагу і ў выніку яго затрымаў ГУБАЗіК. Сілавікі прымусілі хлопца сказаць, што тое абразлівае слова – гэта ён сам.

У Берасці Z-актывістка хадзіла са сцягам Расеі з «Z». ГУБАЗіК пагражае тым, хто абурыўся

Палітвязня Андрэя Любецкага збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым, паведамляе «Вясна». Сківічны хірург Андрэй Любецкі 18 гадоў адпрацаваў у дзіцячым шпіталі №4 у Менску. Быў валанцёрам каля ізалятару на Акрэсціна. Мае чатырох дзяцей. Палітвязня затрымалі 4 траўня 2021 года.

У красавіку 2022 года суддзя Святлана Чарапанава пакарала лекара пяццю гадамі калоніі. Яго абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Ён адбывае тэрмін у бабруйскай калоніі № 2. Стала вядома, што 26 чэрвеня ў Бабруйску разгледзяць справу аб замене Андрэю рэжыму ўтрымання на турэмны. Працэс будзе весці суддзя Павел Карцінін.

Тым часам чыноўнікі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваннямі» шэраг ініцыятыў і праектаў, паведамляе «Вясна». Гэта грамадская арганізацыя «Білорусь 2.0 Робімо Разам», вайсковы клуб «Літвіны», праекты «Media IQ» і «Обычное утро».

Усе яны былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі» на падставе рашэння КДБ ад 18 чэрвеня. Таксама ведамства пералічыла прозвішчы людзей, якія нібыта маюць дачыненне да вышэйзгаданых ініцыятыў:

• «Білорусь 2.0 Робімо Разам» – Бульба (Чыслаў) Сяргей, Мартынава Таццяна, Верамейчык Васіль, Кучараў Міхаіл, Кушнераў Андрэй, Шарапін Павел, Юрчанка Сяргей, Пашкевіч Вольга, Дулеба Іосіф.

• «Літвіны» – Шалыгін Сяргей, Барадзіч Сяргей, Мацкевіч Міхаіл, Клачко Аляксандр, Пуцыковіч Аляксандра, Чапега Сяргей.

• «Media IQ» – Белахвосцік Надзея, Худанаў Аляксей, Глухава Дарʼя, Быкоўскі Павел, Верашчагіна Алена, Сайфулаеў Антон, Піткевіч Паліна, Шунтаў Аляксей, Шарко Ала, Малішэўскі Віктар.

• «Обычное утро» – Місуно Канстанцін, Лабунская Людміла.

ПЦ «Вясна»: беларусаў, што вяртаюцца з-за мяжы, працягваюць затрымліваць і судзіць

Арсен Рудэнка belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны