Летні наступ і бясконцы пазіцыйны тупік. Тлумачым, што адбываецца на фронце ва Украіне

Расейская армія распачала наступленне пад Тарэцкам і ўзмацніла ціск на Пакроўскім кірунку, пагражаючы перарэзаць важныя для ЗСУ камунікацыі. Аднак у цэлым сітуацыя на фронце выглядае для Украіны не настолькі цяжкай, як гэта было вясной – прынамсі сітуацыя з узбраеннем і боепрыпасамі паляпшаецца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Першая брыгада Нацыянальнай гвардыі Украіны «Бурэвій» страляе з танка падчас выканання задання па абстрэлу расейскіх пазіцый у Серабранскім лесе ў Луганскай вобласці, Украіна. 19 чэрвеня 2024 года. Фота: Pablo Miranzo / Anadolu Press / Abaca Press / Forum

Расейская армія распачала атакі ў раёне Тарэцку 18 чэрвеня. Агрэсар даўно не праяўляў актыўнасці на гэтым участку, лінія фронту тут заставалася амаль нязменнай з 2015 году. Цяпер расейцы здолелі дасягнуць некаторых тактычных поспехаў: прасунуліся наперад, захапілі сяло Шумы і ўзмацнілі ціск на Тарэцк.

«Дакладная прычына правалу абароны пакуль невядомая», – падкрэсліваюць эксперты праекту DeepState. Украінскі вайсковец Станіслаў Бунятаў, які вядзе блог «Говорять Снайпер», распавёў, што пад Тарэцкам ЗСУ мелі добрыя фартыфікацыі, аднак нядаўна байцоў з гэтага кірунку пачалі перакідваць на іншы ўчастак фронту, а расейцы адсачылі ратацыю і скарысталіся гэтым.

Маштабы ўкліньвання ва ўкраінскую абарону застаюцца лакальным: прыкладна 2-2,3 км у глыбіну і 3,5-3,6 км у шырыню. Аднак паколькі Тарэцк і да пачатку расейскіх атак знаходзіўся на адлегласці прыкладна ў 4-5 км ад фронту, існуе пагроза, што цягам бліжэйшых тыдняў справа дойдзе да вулічных баёў.

«Цяпер эвакуацыя будзе адбывацца ў прымусовым парадку з горада Тарэцк. Вораг знаходзіцца вельмі блізка», – заявіў кіраўнік Данецкай абласной ваеннай адміністрацыі Вадзім Філашкін. Горад абстрэльваецца, ужо другі дзень няма электрычнасці. Цывільныя пакідаюць паселішча, але там яшчэ застаецца каля 5,5 тысяч чалавек (да пачатку вайны ў Тарэцку пражывала 35 тысяч асобаў).

Сакратар Камітэта Вярхоўнай Рады Украіны па пытаннях нацыянальнай бяспекі, абароны і разведкі Раман Кастэнка заявіў 24 чэрвеня, што сітуацыя на тарэцкім кірунку «рэальна складаная».

Паралельна агрэсар узмацніў ціск на пакроўскім кірунку (паўдзённа-заходней Тарэцку). 23 чэрвеня праект DeepState паведаміў, што расейцы захапілі сяло Новааляксандраўку. Пазней СтратКом ЗСУ ўдакладніў, што акупаваная значная частка паселішча, але не ўся Новааляксандраўка. На вуліцах ідуць баі, расейцы «дзіка ціснуць».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчына плача на месцы расейскага ракетнага ўдару па Пакроўску Данецкай вобласці. У выніку атакі загінулі пяць чалавек, больш за 40 пацярпелі. Пакроўск, Украіна. 24 чэрвеня 2024 года. Фота: Alina Smutko / Reuters / Forum

Так ці інакш сітуацыя для ЗСУ на гэтым кірунку вельмі небяспечная. Ад важнай трасы Пакроўск – Канстантынаўка расейцаў аддзяляе 7 км і толькі адно паселішча – Ваздвіжэнка. У выпадку, калі агрэсар перарэжа камунікацыі, гэта моцна ўскладніць становішча ЗСУ пад Тарэцкам і Часавым Ярам. Можа ўзнікнуць пагроза акружэння ўкраінскай групоўкі – канфігурацыя фронту на гэтым участку вельмі нязручная для ЗСУ. Таксама агрэсар атрымае магчымасць наступаць на Канстантынаўку.

Цяперашнія атакі на сам Тарэцк могуць быць разлічаны не на захоп гораду ў выніку лабавой атакі, а на скоўванне сілаў ЗСУ. Не спыняюць расейцы і атакі на Часаў Яр, што паўночней Тарэцку.

Летні наступ з абмежаванымі перспектывамі

«З актывізацыяй баёў пад Тарэцкам сезон летніх наступаў праціўніка можна лічыць афіцыйна адкрытым», – піша ў артыкуле для парталу LB.ua эксперт Цэнтру абаронных стратэгіяў, палкоўнік у адстаўцы Віктар Кеўлюк. Ён лічыць, што атакі на тарэцкім і пакроўскім кірункаў – гэта часткі адной камбінаванай аперацыі Расеі.

«Можна меркаваць, што гэтым летам у паўднёва-заходнім тэатры ваенных дзеянняў расейцы нанясуць тут галоўны ўдар», – зазначае Кеўлюк.

Калі гэта сапраўды так, то выбар расейскага камандавання можна лічыць цалкам прадказальным. Яшчэ ў красавіку пасля ачарэтынскага прарыву эксперты амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW) паказвалі, што расейская армія, хутчэй за ўсё, паверне на поўнач, каб захапіць Тарэцк і Часаў Яр.

«Для праціўніка стварэнне лініі фронту або баявога сутыкнення па адрэзку Часаў Яр – Канстантынаўка, прыкладна па той трасе, якая злучае Пакроўск з Канстантынаўкай, – гэта яго галоўная мэта сёння. Гэта можа сур’ёзна змяніць аператыўную сітуацыю на фронце», – заявіў у інтэрв’ю Radio NV украінскі вайсковы эксперт Сяргей Грабоўскі.

Разам з тым, варта звярнуць увагу на тэмпы расейскіх аперацыяў. Сяло Новааляксандраўка, якое цяпер амаль акупаванае, расейцы «бралі» амаль два месяцы. Часаў Яр, які Крэмль разлічваў узяць да 9 траўня, не ўзяты дасюль. Пакуль няма падставаў лічыць, што летні наступ Расеі па свайму характару будзе адрознівацца ад большасці аперацыяў пазіцыйнай фазы цяперашняй вайны. То бок гэта будзе павольнае прагрызанне абароны. Перадумоваў для шырокага і хуткага прарыву ўкраінскага фронту цяпер няма.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайскоўцы СПА ўкраінскай арміі аглядаюць неба ў пошуках расейскіх беспілотнікаў з кулямётам «Браўнінг» у Харкаўскай вобласці, Украіна. 24 чэрвеня 2024 года. Фота: Pablo Miranzo / Anadolu Press / Abaca Press / Forum

Застаецца адкрытым пытанне, ці не выдыхнецца расейская групоўка да таго, як дасягне сваіх мэтаў. Як гэта бывае можна пабачыць на прыкладзе харкаўскага наступлення РФ, што распачалося ў траўні. Спачатку цягам некалькіх дзён расейцы здолелі захапіць шэраг прымежных паселішчаў і прарваліся ў паўночную частку Ваўчанску, дзе распачаліся цяжкія баі. Максімальная глыбіня ўкліньвання склала каля 10 км. Аднак у другой палове траўня сітуацыя на Харкаўшчыне сітуацыя стабілізавалася, расейскае наступленне зайшло ў тупік. У чэрвені ЗСУ пачалі контратакаваць і адваявалі некаторыя пазіцыі ў Ваўчанску і ў суседнім сяле Старыцы. Цяпер пагаршэнне становішча расейскай арміі на Харкаўшчыне прызнаюць нават Z-каналы.

Час працуе на Украіну?

«Добрая навіна складаецца ў тым, што Армагедона не будзе. Дрэнная навіна ў тым, што сітуацыя дастаткова складаная. Гэтак будзе прыкладна месяц, лягчэй не стане», – заявіў на мінулым тыдні кіраўнік ГУР Мінаабароны Кірыл Буданаў у інтэрв’ю The Philadelphia Inquirer. Пры гэтым ён не даў адказу на пытанне журналіста, ці здолее ЗСУ ўтрымаць, напрыклад, Часаў Яр.

Нягледзячы на гэта, у цэлым сітуацыі на фронце ў канцы чэрвеня 2024 году выглядае для Украіны не настолькі цяжкай, як зімой і вясной. Падобна на тое, што пік крызісу ўсё-такі мінуў. Прынамсі сітуацыя з боепрыпасамі і тэхнікай пачала змяняцца ў лепшы бок. Украінскае камандаванне працягвае наракаць на недахоп зброі. Аднак, паводле першага намесніка міністра абароны Івана Гаўрылюка, агулам перавага Расеі па артылерыйскіх стрэлах за апошні час скарацілася з 7:1 да 5:1.

Агенцтва «Associated Press» у вялікім артыкуле, прысвечаным сітуацыі на фронце ва Украіне, канстатуе, што цяпер ЗСУ выкарыстоўваюць гібкую абарончую стратэгію: яны могуць саступіць крыху тэрыторыяў, каб выйграць час, захаваць асабовы склад і дачакацца паставак заходняга ўзбраення.

«Час працуе на карысць Украіны», – заявіў AP аналітык даследчага цэнтру вайсковай выведкі IHS Jane’s Дылан Ле Лэрк. Паводле яго, калі Украіна будзе прытрымлівацца прынцыпу гнуткай абароны, то да канца 2024 году «атрымае перавагі, якіх ніколі раней не мела».

Скандал з Содалям

На фоне абвастрэння сітуацыі на пакроўскім і тарэцкім кірунках ва Украіне быў адпраўлены ў адстаўку камандуючы Абʼяднаных сіл ЗСУ генерал-лейтэнант Юрый Содаль.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі (другі злева) інфармуе аб дзеяннях 41-й асобнай механізаванай брыгады на перадавой. На здымку (пасярэдзіне) – генерал Юрый Содаль. Часаў Яр, Данецкая вобласць, Украіна. 19 красавіка 2024 года. Фота: Handout / Ukrainian Presidential / Zuma Press / Forum

Содаль аказаўся ў цэнтры рэзананснага скандалу. Спачатку дэпутатка Вярхоўнай Рады Марʼяна Бязуглая заявіла, што падчас наступлення расейскай арміі ў Тарэцку генерал нібыта «п’янстваваў» у Адэсе. Таксама стала вядома, што Содаль узнагародзіў медалём «За службу і доблесць» мэра Генадзя Труханава. Гэта сітуацыя выклікала абурэнне сярод вайскоўцаў і грамадскасці, у тым ліку праз тое, што Труханаў мае рэпутацыю прарасейскага палітыка.

Неўзабаве былі высунуты і больш сур’ёзныя прэтэнзіі да генерала. Начальнік штабу брыгады Нацгвардыі «Азоў» Багдан Кратэвіч паведаміў у сваім Telegram, што падаў заяву ў Дзяржаўнае бюро расследаванняў з заклікам правесці расследаванне ў дачыненні генерала, які нясе адказнасць за вялікія страты сярод асабовага складу. Імя генерала, якога «ненавідзяць 99% вайскоўцаў», Кратэвіч не агучыў. Але медыі адразу даведаліся, што меўся на ўвазе менавіта Содаль. У той жа дзень прэзідэнт Уладзімір Зяленскі адправіў Содаля ў адстаўку, а замест яго прызначыў брыгаднага генерала Андрэя Гнатава.

На пасаду камандуючага Аб’яднанымі сіламі ЗСУ Юрый Содаль быў прызначаны ў лютым, а ў траўні ўзначаліў яшчэ і аператыўна-стратэгічную групоўку войскаў (АСГВ) «Хортіца». Раней Содаль камандаваў Марской пяхотай. Падчас поўнамаштабнай вайны ягоныя байцы гераічна біліся за Марыупаль і на Дняпры. Аднак рэпутацыя самога Содаля заўсёды была неадназначнай.

«Кадравая катастрофа. Горшую кандыдатуру, якой пляваць на жыцці салдатаў, было складана ўявіць», – гэтак вядомы ўкраінскі актывіст і блогер Сяргей Сцерненка пракаментаваў прызначэнне Содаля ў траўні. Паводле актывіста, украінскі генерал ставіцца да салдатаў «у найгоршых традыцыях Жукава».

Цяпер абвінавачванні на адрас Содаля пасыпаліся з усіх бакоў. Дэпутатка Бязуглая заявіла, што ён «забіў больш украінскіх вайскоўцаў, чым любы расейскі генерал».

Удзельнік расейска-ўкраінскай вайны, грамадскі актывіст і юрыст Алег Сімароз у эфіры «Радіо Свобода» заявіў, што ўкраінскія ветэраны і валанцёры ад самага пачатку заклікалі не прызначаць Содаля на адказныя пасады.

«Ён праявіў сябе як чалавек, які да гэтага часу ваюе па прынцыпах саўка, ваюе чалавечымі рэсурсамі… Шмат жыццяў украінскіх вайскоўцаў было пакладзена праз яго абсалютна неадэкватныя дзеянні, праз яго штурмавыя мясныя аперацыі», – заявіў ён.

Як сцвярджае Сімароз, Содаль таксама нясе адказнасць за цяперашнюю сітуацыю пад Тарэцкам: нібыта менавіта з-за яго падчас расейскага наступу ўкраінскія вайскоўцы на гэтым участку фронту засталіся без снарадаў і рэзерваў.

Чаму вайна ва Украіне зайшла ў тупік, і чым гэта можа скончыцца?

Глеб Нержын belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату