Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 25 ліпеня

«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 25 ліпеня чытайце ў нашым аглядзе.

З моманту поўнамаштабнага ўварвання расейскага войска ва Украіну прайшлі 152 дні. Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, за гэты час страты акупантаў дасягнулі 39 700 чалавек забітымі.

Па-ранейшаму найбольш спакойная сітуацыя адзначаецца на поўначы Украіны на валынскім і палескім кірунках, але і там не абышлося без здарэнняў. У Валынскай вобласці, якая мяжуе з Беларуссю, украінская супрацьпаветраная абарона збіла два беспілотнікі. Паветранае камандаванне ЗСУ «Захад» паведамляе, што варожыя беспілотнікі ўвайшлі ў паветраную прастору Украіны з боку Беларусі і ажыццяўлялі паветраную выведку аб’ектаў Валынскай вобласці. БПЛА былі знішчаны, але абломкі адной з зенітных ракет упалі на жылы дом, што прывяло да гібелі аднаго чалавека і ранення яшчэ некалькіх.

Разам з тым аналітык амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW) Джордж Варас выказаў меркаванне, што імавернасць далучэння Беларусі да агрэсіі Расеі супраць Украіны цяпер даволі нізкая. Сярод асноўных прычынаў – унутраная сітуацыя ў самой Беларусі, а таксама малая колькасць баяздольных войскаў.

На сіверскім кірунку расейцы здзейснілі абстрэлы ваколіцаў населеных пунктаў Яструбінае, Грабоўскае і Валадзіміраўка Сумскай вобласці. На слабажанскім кірунку расейскія сілы намагаюцца ўтрымліваць занятыя пазіцыі, каб не дапусціць прарыву ЗСУ да дзяржаўнай мяжы.

На суседнім харкаўскім кірунку расейцы абстралялі з танкаў і артылерыі тэрыторыі каля населеных пунктаў Харкаў, Малінаўка, Баршчова, Іванаўка, Пітомнік, Новае, Рускія Цішкі, Пятроўка, Дзяменціеўка, Гусараўка, Прудзянка, Шапавалаўка, Рубежнае, Дуванка, Масьпанава, Руская Лазавая і Міхайлаўка. Авіяўдары прыйшліся на ваколіцы Прудзянкі, Пятроўкі і Явірскага.

На славянскім кірунку абстрэлы зафіксаваныя каля Норцаўкі, Багародзічнага, Пятроўскага, Барвінкова, Касцянцінаўкі, Новай Дзмітраўкі, Даліны, Новай Мікалаеўкі, Карнавухаўкі, Дзіброўнага і Чэпілю.

На краматорскім кірунку расейцы праводзілі штурмавыя дзеянні ў бок лініяў Бераставое – Івана-Дар’еўка і Верхнякаменка – Івана-Дар’еўка, але гэтыя атакі былі адбітыя ўкраінскімі сіламі, вораг адышоў на старыя пазіцыі. Цяпер акупанты намагаюцца праводзіць наступ у бок Спірнага, баявыя дзеянні працягваюцца.

Акрамя гэтага цягам апошніх содняў на краматорскім кірунку былі зафіксаваныя абстрэлы ваколіцаў населеных пунктаў Крывая Лука, Платонаўка, Сіверск, Верхнякаменскае, Званаўка, Івана-Дар’еўка і Спірнае. Авіяўдары расейцаў былі каля Грыгораўкі і Серабранкі.

На суседнім бахмуцкім кірунку расейцы правялі няўдалы штурм у бок лініі Вяршына – Луганскае, пасля чаго адступілі на старыя пазіцыі. Акрамя гэтага варожыя сілы цягам апошніх содняў здзейснілі абстрэлы ваколіцаў населеных пунктаў Бераставое, Белагораўка, Салядар, Бахмуцкае, Пакроўскае, Якаўлеўка, Курдзюмаўка, Бахмут, Вясёлая Даліна, Новалуганскае, Зайцава і Траўнева.

На аўдзееўскім, навапаўлаўскім і запарожскім кірунках цягам апошніх содняў расейцы не праводзілі штурмавых дзеянняў, але працягнулі абстрэлы ўкраінскіх пазіцыяў па ўсёй лініі сутыкнення. Акрамя гэтага была зафіксаваная выведная дзейнасць беспілотнікаў на асобных участках фронту.

На паўднёвабужскім кірунку расейцы наносілі ўдары па ваколіцах населеных пунктаў Пацёмкіна, Первамайскае, Луч, Пасад-Пакроўскае, Благадатнае, Шаўчэнкава, Прыбужскае, Стэпавая Даліна, Новая Зара. Таксама праціўнік здзяйсняе паветраную выведку з дапамогаю беспілотнікаў.

Тым часам на падкантрольнай Расейскай Федэрацыі тэрыторыі Херсонскай вобласці хочуць вывесці са звароту нацыянальную валюту Украіны грыўню, і замяніць яе на расейскі рубель. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на намесніка кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі вобласці Кірыла Стрэмаусава. Нагадаем, 23 траўня Херсонскую вобласць абвесцілі бівалютнай зонай са зваротам і грыўні, і расейскага рублю.

Украіна можа атрымаць ад сваіх саюзнікаў яшчэ 25–30 адзінак HIMARS і MLRS

25 ліпеня міністр абароны Украіны паведаміў пра прыбыццё першых установак Gepard з Нямеччыны. Паводле Аляксея Рэзнікава, тры зенітна-ракетныя артылерыйскія комплексы Gepard ужо зайшлі на тэрыторыю Украіны і знаходзяцца ў распараджэнні ЗСУ. Агулам першая партыя «гепардаў» павінна складацца з 15-ці адзінак, а ўсяго Нямеччына плануе паставіць Украіне 30 «гепардаў».

У гэты ж дзень прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пазбавіў пасады першага намесніка сакратара Рады нацбяспекі і абароны Руслана Дэмчанку.

Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Украіны Ігар Кліменка паведаміў, што з пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання ў краіне распачалі больш за 1000 крымінальных справаў за калабарацыянізм. Пры гэтым было затрымана не менш за 1530 чалавек, якіх падазраюць у дыверсійнай дзейнасці.

У «ДНР» заявілі, што ў «трыбунале» над палоннымі азоўцамі прымуць удзел прадстаўнікі Беларусі

Разам з тым кіраўнік Следчага камітэту Расеі Аляксандр Бастрыкін паведаміў пра 1300 крымінальных справаў у адносінах украінскіх вайскоўцаў, палітыкаў, актывістаў, супрацоўнікаў Міністэрства аховы здароўя, а таксама грамадзянаў іншых дзяржаваў. Іх абвінавачваюць у злачынствах «супраць міру і бяспекі чалавецтва».

BK belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату