Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі за 25 жніўня

«Белсат» робіць традыцыйны агляд рэпрэсіяў за дзень. Пра асноўныя факты пераследу ў Беларусі ў чацвер, 25 жніўня, чытайце ў нашым аглядзе.

Стала вядома, што палітзняволенага Сцяпана Латыпава хочуць перавесці з калоніі ў турму.

Сцяпан Латыпаў. Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

29 жніўня ў судзе Івацэвіцкага раёну адбудзецца суд па замене Сцяпану, які адбывае тэрмін у «Воўчых норах», пакарання на больш жорсткае. Рашэнне будзе прымаць суддзя Аляксандр Кірыловіч. У сярэдзіне траўня Сцяпана перавялі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) на пяць месяцаў. За першыя два тыдні ў ПКТ палітвязень атрымаў толькі два лісты.

16 жніўня мінулага году Латыпава асудзілі да 8,5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і аштрафавалі на 300 базавых велічыняў. За пяць месяцаў у калоніі палітвязня змяшчалі ў ШІЗА агулам на 32 дні.

Сілавікі затрымалі 31-гадовага менчука, які збіраўся ехаць ваяваць ва Украіну. Следчы камітэт піша, што малады чалавек «паддаўшыся ўплыву ілжывай інфармацыі аб спецаперацыі ва Украіне», вырашыў прыняць удзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы. Для гэтага ён у адным з тэматычных Telegram-каналаў прайшоў рэгістрацыю і паведаміў аб гатоўнасці «удзельнічаць у ваенных дзеяннях». Таксама ён нібыта ў 2020 годзе ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту.

23 жніўня ў Гомельскім абласным судзе вынесены прысуд 31-гадоваму Іллю Гольцаву. Суддзя Васіль Бягун прызнаў мужчыну вінаватым паводле арт. 130 Крымінальнага кодэксу («Распальванне варожасці ці варажнечы»). Гамельчуку прызначылі 1,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Эдуард Бабарыка. Фота: Еўрарадыё

У судзе Партызанскага раёну Менску пакінулі без задавальнення скаргу палітвязня Эдуарда Бабарыкі на чарговае падаўжэнне тэрміну ўтрымання пад вартай. Ён застаецца ў зняволенні як мінімум да 14 верасня. Эдуард ужо больш за 26 месяцаў ён у зняволенні, справа ў суд да гэтага часу не перададзена.

Затрымалі супрацоўніка «Гроднажылбуда», які нібыта заклікаў калегаў баставаць. Папярэдне, яго клічуць Мікалай Мардовіч, яму 36 гадоў. У 2020 годзе ён нібыта браў удзел у акцыях пратэсту, а таксама «захоўваў сабе на старонку пратэсную інфармацыю і распаўсюджваў яе».

Мікалай Мардовіч. Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Былой журналістцы TUT.ВY Таццяне Матвеевай прысудзілі 8 содняў арышту.

На яе склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаванне: за аватарку ў фэйсбуку са словамі Янкі Купалы «Хочам людзьмі звацца» на фоне палосаў белага і чырвонага колераў.

Журналістка Таццяна Матвеева. Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Вядома, што на судовым працэсе па справе журналісткі Таццяны Матвеевай затрымалі віцебскага дысідэнта Барыса Хамайду. Верагоднай прычынай затрымання стаў медальён з Пагоняй. Барыс быў сведкам на працэсе.

Як стала вядома праваабаронцам, палітзняволены старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі ў СІЗА-1 утрымліваецца ў так званым «спецкалідоры» – паўпадвальным памяшканні з дрэннымі ўмовамі.

Цягам гэтага года Бяляцкага моцна абмяжоўваюць у ліставанні. Алесь быў затрыманы 14 ліпеня 2021 года і разам з Валянцінам Стэфановічам і Уладзімірам Лабковічам абвінавачаны ў нясплаце падаткаў у буйным памеры. Больш за год ён утрымліваецца за кратамі, а следства працягнутае да 14 кастрычніка.

У Берасці затрыманы музыка Сяргей Нікіцюк. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што 32-гадовы мужчына нібыта абразіў у каментарах Лукашэнку, на сваёй старонцы ў сацсетках размясціў нацысцкую сімволіку, а таксама даслаў свой бюлетэнь з лютаўскага рэферэндуму «экстрэмісцкім каналам».

Сяргей Нікіцюк. Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Паводле сілавікоў, Нікіцюк атрымаў штраф за распаўсюд нацысцкай сімволікі, а таксама супраць яго распачалі крымінальную справу ажно па трох артыкулах: абраза прэзідэнта; стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім; садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.

75-гадовай Ніне Багінскай забаранілі выязджаць з Беларусі, наведваць казіно, а таксама гуляць у азартныя гульні.

Ніна Багінская. Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

У судзе Першамайскага раёну Менску адбыўся судовы працэс у дачыненні да 75-гадовай актывісткі Ніны Багінскай па пытаннях забеспячэння выканання выканаўчага дакументу. У красавіку ёй прызначылі 1600 рублёў штрафу за тое, што яна выйшла са сцягам у цэнтр Менску на Дзень Волі.

Штраф Багінская аплочваць не стала, таму ў дачыненні да Багінскай былі накладзеныя абмежаванні – 8 жніўня намесніца старшыні аддзелу прымусовага выканання Першамайскага раёну Менску Саранчук забараніла Багінскай паляваць, кіраваць машынай і маламернымі судамі, а аператарам сувязі прадстаўляць актывістцы паслугі інтэрнету, мабільнай сувязі і тэлебачання.

Але гэтага падалося мала, таму аддзел прымусовага выканання Першамайскага раёну Менску звярнуўся ў суд. У выніку суддзя Вольга Чарніковіч забараніла актывістцы выязджаць з Беларусі, наведваць гульнявыя ўстановы, а таксама гуляць у азартныя гульні.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны