26 жніўня ў Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве адкрыецца мастацкая выстава адразу двух беларускіх рок-музыкаў – Лявона Вольскага і Юрыя Стыльскага.
Як паведамляюць арганізатары, выстава пройдзе ў форме аўкцыёну. Набыць карціны Лявона Вольскага і Юрыя Стыльскага можна будзе проста з рук аўтараў.
Частка сродкаў, атрыманых з продажу мастацкіх твораў, будзе перададзеная аб’яднанню беларускіх актораў «Вольныя купалаўцы». Вядоўца аўкцыёну – журналіст «Белсату», спявак і актор Дзяніс Дудзінскі.
На адкрыцці выставы Вольскі і Стыльскі сыграюць акустычны канцэрт.
Выстава адкрыецца ў суботу, 26 жніўня, а 17-й гадзіне ў Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве (ul. Foksal, 11). Уваход на імпрэзу вольны.
Пабачыць і купіць творы музыкаў можна будзе да 7 верасня.
Зміцер Міраш belsat.eu