У Беларусі вырасла сярэдняя заработная плата

Намінальны налічаны сярэдні заробак у Беларусі вырас на 29 рублёў і ў жніўні склаў 1962 рублі да выплаты падаткаў, паведамляе Белстат. Месяцам раней ён быў 1933 рублі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. Фота: Белсат

Найвышэйшыя зарплаты ў Менску – 2589 рублёў. Аднак сярэдні заробак у сталіцы зніжаецца другі месяц запар. Так, у ліпені ён складаў 2595 рублёў, а ў чэрвені – 2598 рублёў.

На другім месцы Менская вобласць – 2019 рублёў, далей ідзе Гомельская вобласць – 1800 рублёў, Гарадзенская вобласць – 1776 рублёў, Берасцейская вобласць – 1739 рублёў, Віцебская – 1671 рубель. На апошнім месцы па сярэднім заробкам Магілёўская вобласць – 1630 рублёў.

Сярэдні заробак па вобласцям за жнівень 2023 года. Скрыншот: belstat.gov.by

Самыя вялікія сярэднія даходы ў IT-сферы – 6727 рублёў. На паветраным транспарце ў сярэднім атрымлівалі 4898 рублёў, у горназдабыўной прамысловасці – 4181 рубель.

Менш за ўсё плацілі беларусам, якія працуюць у бібліятэках, музеях і архівах – 1078 рубля, сацыяльным работнікам – 1096 рублёў. У работнікаў цырульняў і салонаў прыгажосці сярэдні даход – 1100 рублёў.

Намінальны заробак – гэта так званы «брудны» заробак, які не ўлічвае падаткі і іншыя абавязковыя зборы.

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны