Вонкавая запазычанасць Беларусі на 1 ліпеня гэтага года вырасла ў параўнанні з аналагічным перыядам летась на 4,4 %. Паводле экспертаў Еўразійскай эканамічнай палітыкі, доўг нашай краіны склаў на 1 ліпеня каля $ 44,1 млрд.
Міністэрства фінансаў Беларусі больш не публікуе інфармацыі пра замежныя даўгі нашай краіны. Але пра запазычанасць стала вядома дзякуючы статыстыцы Еўразійскай эканамічнай камісіі.
Паводле звестак гэтага органу, замежны доўг Беларусі на 1 ліпеня сёлета склаў каля $ 44,1 млрд. З гэтай сумы каля $ 19,36 млрд ёсць запазычанасцю органаў дзяржаўнага кіравання, 8,39 $ млрд – на банкі, $ 13,98 млрд – на іншыя сектары, а $ 2,36 млрд – на міжфірмовае крэдытаванне.
Цяпер замежны доўг Беларусі складае 61,3 % ад ВУП краіны.
У пачатку гэтага года вонкавыя пазыкі складалі каля $ 42,27 млрд.
Алена Аляксандрава belsat.eu