У Еўразвязе ніхто не трымае. Бурэль жорстка адказаў прэм’еру Вугоршчыны

Прэм’ер Вугоршчыны параўнаў удзел сваёй краіны ў Еўразвязе з савецкай акупацыяй. Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі растлумачыў, чаму параўнанне няўдалае.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу ў справах замежнай палітыкі Жузэп Бурэль. Брусель, Бельгія. 20 ліпеня 2023 года. Фота: Europa.eu

На прамове 24 кастрычніка ў гадавіну антысавецкага паўстання 1956 года прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан заяўляў, што сяброўства ягонай краіны ў Еўразвязе нагадвае яму здушэнне таго паўстання Савецкім Саюзам, бо Еўразвяз «навязвае мадэль ліберальнай дэмакратыі, якую Вугоршчына адкідвае».

Вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу ў справах замежнай палітыкі Жузэп Бурэль завочна адказаў на гэта ў той жа дзень на канферэнцыі «Еўропа і свет». Адказ на пытанне пра выказванне Орбана можна пачуць на гэтым запісе (1:05:30) па-англійску:

«Я не бачу ніякага падабенства між савецкай акупацыяй Будапэшту і таго, што адбывалася ў Бэрлемоне [штаб-кватэры Еўракамісіі. – Заўв. «Белсату»]. Я не бачыў шмат танкаў у Бэрлемоне, я не бачыў ніякай зброі. У любым выпадку ніякая структура не абавязвае Вугоршчыну быць сябрам Еўразвязу. Гэта свабодны выбар».

Чаму рэвалюцыі цярпяць паразу? Вугорскае паўстанне 1956 года

Еўрапарламент лічыць Вугоршчыну электаральнай аўтакратыяй. Вугоршчына за часоў кіравання Орбана часта канфліктуе з Еўразвязам. Гэтак, Вугоршчына цяпер блакуе транш дапамогі Украіне памерам паўмільярда еўраў з прычыны трапляння вугорскага банку «OTP» у спіс тых, што вядзе бізнес з Расеяй. Орбана нямала крытыкавалі ў Еўразвязе за нядаўнюю сустрэчу з Уладзімірам Пуціным, а Злучаныя Штаты выказвалі занепакоенасць сустрэчаю з «чалавекам, адказным за ваенныя злачынствы ва Украіне» (улады Вугоршчыны не лічаць Пуціна злачынцам, пра тое ж кажа і Орбан). Расея тым часам абяцала павялічыць пастаўкі газу ў Вугоршчыну.

Таксама Вугоршчына трымае сувязі з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі: сёлета прымала з візітам міністра замежных справаў.

Пакінуць Еўразвяз сапраўды можна мірным шляхам: гэтак у 2020 годзе зрабіла Злучанае Каралеўства. Ды цяпер больш за палову жыхароў каралеўства лічыць, што брэкзіт (Brexit: «Брытанія» + «выхад») быў памылкаю – для гэтага нават прыдумалі новае слова, брэгрэт (Bregret: «Брытанія» + «шкадаванне»).

Віктар Орбан: Вугорцы больш не дадуць грошай Украіне

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны