Кінапрэмія «Чырвоны верас» апублікавала доўгі спіс. У ім 71 фільм
2023.10.25 15:21
За ўзнагароды беларускай прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас – 24» пазмагаецца 71 стужка – столькі трапіла ў доўгі спіс, апублікаваны 25 кастрычніка. Прэтэндэнтаў на «найлепшы ігравы поўнаметражны фільм» пяць. Прэміі плануюць раздаць у лютым 2024 года.
Фільмы будуць намінаваныя таксама ў катэгорыях «Найлепшы(ая) рэжысёр(ка)», «Найлепшы актор», «Найлепшая акторка», «Найлепшая праца аператара(кі)», «Найлепшы сцэнар», «Найлепшае мастацкае рашэнне (праца мастака(чкі)-пастаноўшчыка(цы)», «Найлепшы саўнддызайн (праца кампазітара(кі) і/ці гукарэжысёра(кі)» і «Адкрыццё года».
На конкурс агулам падалі 92 заяўкі. Сярод заяўнікаў былі як вядомыя аўтары (Мара Тамковіч, Андрэй Куціла, Аляксей Палуян, Юлія Рудзіцкая, Мікіта Лаўрэцкі і гэтак далей), так і пачаткоўцы. Да разгляду прымалі стужкі, знятыя як у Беларусі, так і за яе межамі, але пры ўмове, што стужкі створаныя без выкарыстання дзяржаўных сродкаў Беларусі ці Расеі.
Арганізатарамі прэміі выступае каманда на чале з Ірэнай Кацяловіч і Тарасам Тарналіцкім, агулам у журы 16 чалавек.