Хамас адклаў вызваленне другой групы закладнікаў і абвінаваціў Ізраіль у парушэнні пагаднення

Хамас (прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй у ЗША, ЕЗ, Ізраілі) заявіў пра затрымку вызвалення другой групы закладнікаў, якое павінна было адбыцца ўвечары 25 лістапада. Ваенізаваная групоўка заявіла, што Ізраіль парушыў пагадненне і не прапусціў гуманітарную дапамогу на поўнач Газы, паведамляе ВВС са спасылкай на ўласнага карэспандэнта ў Іерусаліме і дыпламатычныя крыніцы. Ізраіль адмаўляе парушэнне.

Сектар Газа. Фота: nytimes.com

Ізраіль пацвердзіў, што другая група закладнікаў не была перададзеная Чырвонаму Крыжу.  Хамас заявіў, што было прынятае рашэнне не адпускаць другую групу закладнікаў, пакуль Ізраіль не дасць абавязальніцтва прапускаць цяжкавікі з гуманітарнай дапамогай у паўночную частку Газы.

Паводле Хамасу, Ізраіль парушыў умовы пагаднення праз адмову прапусціць узгодненыя цяжкавікі з гуманітарнай дапамогай у паўночную частку Газы – са 100 машын прапусцілі толькі 3. Акрамя таго, прадстаўнік Хамасу заявіў, што Ізраіль запускаў свае дроны над паўднёвай часткай Газы, а таксама ўнёс істотныя змяненні ва ўзгоднены спіс палестынскіх вязняў, якіх абавязаўся вызваліць. Таксама Хамас сцвярджае, што ізраільскія войскі забілі двух палестынцаў у Бейт-Хануне, куды палестынцам дазволена перасоўвацца.

Ізраіль адмаўляе парушэнне пагаднення аб перамір’і. Таксама ААН заяўляе, што 24 лістапада гуманітарная дапамога даходзіла да поўначы Газы – усяго ў сектар уехалі 137 цяжкавікоў. Палестынскі Чырвоны Паўмесяц паведаміў, што колькасць цяжкавікоў, якія праехалі праз памежны пераход «Рафах», склала 196 аўтамабіляў.

Чаму Ізраіль прайграе інфармацыйную вайну?

Пагадненне аб часовым спыненні агню, заключанае паміж Ізраілем і Хамасам пры пасярэдніцтве Катару, пачалося ў пятніцу 24 лістапада і павінна працягнуцца чатыры дні. Паводле яго, Хамас вызваліць 50 закладнікаў у абмен на 150 палестынскіх вязняў, якіх мусіць вызваліць Ізраіль.

Пасля чатырох дзён спынення агню ваенная аперацыя Ізраілю ў Газе мусіць працягнуцца. Іншых закладнікаў будуць спрабаваць вызваліць у тым ліку ваенным шляхам.

Тым часам у Ізраілі цяпер знаходзіцца дэлегацыя з Катару, якая абмяркоўвае магчымы працяг пагаднення аб перамір’і. Падчас заключэння пагаднення было адзначана, што яно можа быць працягнутае яшчэ на 5 дзён. Да спробаў развязаць спрэчку і паспрыяць вызваленню другой групы закладнікаў далучыўся таксама Егіпет.

У вайне паміж Ізраілем і «Хамасам» пачалося чатырохдзённае замірэнне

24 лістапада Міністэрства замежных справаў Катару пацвердзіла, што «Чырвоны крыж» атрымаў 24 закладнікі, прызначаных да абмену. Раней меркавалася, што тэрарысты вызваляць 13 ізраільцянаў і 12 грамадзянаў Тайланду, але, паводле непацверджаных паведамленняў, адпусцілі на аднаго чалавека менш, а адзін з вызваленых – грамадзянін не Тайланду, а Філіпінаў.

Тэрарысты абяцалі вызваліць сумарна 50 закладнікаў, за кожнага Ізраіль абяцаў адпускаць трох асуджаных за злачынствы палестынцаў.

Атакі Хамасу на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года забралі жыцці 1200 чалавек, з якіх большасць была мірнымі жыхарамі. У закладніках тэрарыстаў застаюцца больш за дзве сотні ізраільцянаў, у тым ліку немаўля.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны