У Беларусі новыя палітвязні і «экстрэмісцкія фармаванні». Рэпрэсіі за 26 студзеня

«Белсат» працягвае адсочваць факты рэпрэсіяў беларусаў рэжымам Лукашэнкі. Распавядаем, што стала вядома за 26 студзеня.

У Беларусі новыя «экстрэмісцкія фармаванні». Гэта групы грамадзян, аб’яднаных пад назвамі «Каардынацыйная рада»; «Каманда Святланы Ціханоўскай», якая складаецца з «Офісу Святланы Ціханоўскай» і «Прадстаўнікоў Святланы Ціханоўскай»; «Аналітыкі Святланы Ціханоўскай». Такое рашэнне вынесенае нібыта за «публічныя заклікі да санкцый, арганізацыю дзейнасці па падрыхтоўцы да здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь».

У Беларусі 9 новых палітвязняў. Гэта Таццяна Колас, Павел Петручэня, Аляксандр Грыдзюшка, Уладзіслаў Аўчыннікаў, Дмітрыйс Міхайлаўс, Вячаслаў Бяганскі, Ілля Краўчэўскі, Віталь Енаровіч, Цімафей Галубко. Цяпер у Беларусі 1445 чалавек прызнаныя палітычнымі вязнямі.

За фота аэрадрому ў Зябраўцы мясцоваму жыхару Яўгену Глушкову прысудзілі 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве (ч.1 арт. 356 КК) і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч.1 арт. 361-4 КК). Па інфармацыі некаторых медыяў, у ноч з 10 на 11 жніўня на аэрадроме ў Зябраўцы здарыўся інцыдэнт – пасля яго пачаліся праверкі мясцовых. У Яўгена ў тэлефоне знайшлі кантакты розных украінцаў і стары здымак аэрадрому, які ён рабіў з дрону. Праз гэта яго і затрымалі.

Яўген Глушкоў. Крыніца: spring96.org

У Горадні асудзілі палітзняволенага Іллю Краўчэўскага паводле 10 артыкулаў. Суддзя Ігар Собалеў прызначыў яму восем гадоў і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Вядома, што крымінальную справу Іллі разглядалі цягам сямі пасяджэнняў.

У Менску 26 студзеня сілавікі затрымалі хлопца за распаўсюд улётак з паклёпам на Лукашэнку. Верагодна, ягонае імя Сяргей Кабзенка. «Пакаяннае» відэа з ім з’явілася ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў. Паводле сілавікоў, раней ён ужо быў асуджаны за ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК).

У Гомлі асудзілі Андрэя Карпенку паводле ч. 2 арт. 367 за нібыта паклёп на Лукашэнку і ўдзел у пратэстах – па ч.1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») КК. Суддзя Ганна Сакалова прызначыла Андрэю тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

На маці забітага байца палка Каліноўскага завялі яшчэ адну крымінальную справу

Актывістку Валянціну Болбат аштрафавалі на 3 700 рублёў за малюнкі ў сацыяльных сетках. Яе двойчы арыштоўвалі на 10 содняў паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»), а на трэці раз прызначыла штраф. За кратамі ў жанчыны пагоршылася здароўе, таму яе вызвалілі на тры дні раней. 13 студзеня над ёй адбыўся чарговы суд. Жанчыну абвінавацілі ў «несанкцыянаваным пікетаванні» па арт. 24.23 КаАП за малюнкі ў сацыяльных сетках і прызначылі штраф 100 б.в. (3 700 рублёў).

ГУБАЗіК затрымаў жыхарку Менску Ганну Шурдзякову праз «захоўвання дома пратэснай сімволікі». Яна прызнаецца ў гэтым на «пакаянным» відэа, якое знялі з ёю сілавікі.

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны