Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 26 лютага

«Белсат» падводзіць вынікі 368-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 26 лютага – у нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Міністэрства абароны Украіны / Facebook

Цягам апошніх содняў вайны Збройныя сілы Украіны адбілі 71 атаку праціўніка на пяці кірунках на ўсходзе краіны – купянскі, ліманскі, бахмуцкі, аўдзееўскі і шахцёрскі. Між тым інтэнсіўнасць баявых дзеянняў істотна адрозніваецца ў залежнасці ад канкрэтнага ўчастку фронту.

На тэрыторыі паўночна-ўсходняй часткі Харкаўскай вобласці, а таксама на захадзе Луганскай фіксуюцца баі ў лясах пад Крэмінной, а таксама каля сяла Чырвонапапоўка.

Кіраўнік Луганскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Гайдай гаворыць, што цяпер расейцы штурмуюць ваколіцы Крэмінной без выкарыстання цяжкай тэхнікі, паколькі яна на гэтым участку фронту была знішчаная ЗСУ.

У гэты ж час ёсць звесткі пра контратаку ўкраінскіх сілаў каля сяла Гранікаўка ў Купянскім раёне.

На тэрыторыі суседняй Данецкай вобласці Узброеныя сілы РФ наступаюць на бахмуцкім, аўдзееўскім і шахцёрскім кірунках. Пры гэтым, як і ў папярэднія дні, найцяжэйшая сітуацыя назіраецца ў ваколіцах Бахмуту.

Тут асноўныя намаганні расейцаў засяроджаныя на абыходжанні райцэнтру з паўночнага захаду.

Тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што сілы ПВК Вагнер змаглі прасунуцца далей ад Бярхоўкі і замацаваліся на поўдні ад Бярхоўскага вадасховішча. Адначасова з гэтым, паводле крыніцы, вагнераўцы захапілі суседняе сяло Дубова-Васільеўка.

Крытычнай для ЗСУ з’яўляецца і сітуацыя на ўсходзе Бахмуту. Паводле асобных звестак, да ракі Бахмутаўка, якая раздзяляе горад на ўсходнюю і заходнюю часткі, расейцаў аддзяляе каля 300 м.

На поўдні ад гораду, паводле Deepstate, ідуць сустрэчныя баі, пры якіх асобныя пазіцыі пераходзяць з рук у рукі.

«Рыбарь» сцвярджае, што цяпер украінскі бок умацоўвае свае пазіцыі ў Часавым Яры, Грыгораўцы, Белай Гары і Дылееўцы.

На аўдзееўскім і шахцёрскім кірунках ЗСУ адбілі атакі праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Невельскае, Краснагораўка, Аўдзееўка, Севернае, Вадзяное, Мар’інка, Новаміхайлаўка, Вуглядар.

Пры гэтым у цэнтры Мар’інкі, а таксама на поўдні ад Вуглядару баі працягваюцца.

У гэты ж час расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што папярэднія заявы аб прасоўванні войскаў РФ да Краснагораўкі не адпавядаюць рэчаіснасці.

Такім чынам, лінія фронту на гэтых кірунках застаецца нязменнай.

Стабільным фронт застаецца і ў Запарожскай, Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях. Пры гэтым на выспах у пойме Дняпра на Херсоншчыне дзейнічаюць дыверсійна-выведныя групы абодвух бакоў канфлікту.

Паводле Генштабу ЗСУ, цягам апошніх содняў вайны было знішчана каля 660 расейскіх вайскоўцаў, пасля чаго агульныя беззваротныя страты РФ перавысілі 148 тысячаў асобаў.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 25 лютага

ТМ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату