Беларуска на МКС робіць… касмічны кефір? «Роскосмос» расказаў пра заданні Васілеўскай

Марына Васілеўская – першая грамадзянка Беларусі, якая пакінула планету Зямля, – прыбыла на борт Міжнароднай касмічнай станцыі 25 сакавіка. «Роскосмос» паведаміў ТАСС, што яна прыступіла да правядзення эксперыменту «Проксібіётык».

Марына Васілеўская перад палётам на МКС. Фота: Roscosmos.ru

Эксперымент, якім займалася Марына Васілеўская, – гэта, паводле справаздачы «Роскосмоса», «даследаванне ўласцівасцяў мікраарганізмаў і іх кансорцыумаў дзеля стварэння комплекснага прадукту для падтрымання мікрабіёты чалавека ва ўмовах касмічнага палёту». Імаверна, гэта той самы эксперымент, пра які расказвае Акадэмія навук Беларусі, – «культываванне і захоўванне ўзораў прабіятычных штамаў малочнакіслых мікраарганізмаў і біфідабактэрыяў ва ўмовах касмічнага палёту, а таксама выраб узораў кісламалочных прадуктаў з комплексам прабіятычных культураў». Прасцей кажучы, як у космасе рабіць ёгурт ці кефір.

На дзень прылёту Васілеўскай на МКС выконваліся яшчэ два эксперыменты: «Магнітная фабрыкацыя» (кантраляванае фармаванне аб’ёмных структураў з арганічных і неарганічных матэрыялаў з дапамогай магнітных палёў) і «Сепарацыя» (адпрацоўванне сістэмы рэгенерацыі вады з мачы).

У Васілеўскай, паводле «Роскосмоса», запланаваныя таксама «грамадскія работы ў галіне медыцыны, біялогіі, фізіялогіі і дыстанцыйнага зандавання Зямлі». Яна мае правесці спектральныя відэаздымкі паверхні планеты, а таксама эксперыменты «Лактаферын» (аб уплыве фактараў касмічнага палёту на характарыстыкі біялагічнага аналагу бялку лактаферыну – аднаго з кампанентаў імуннай сістэмы чалавека) і «Ураган» (стварэнне матэматычных мадэляў для ацэнкі развіцця патэнцыйна небяспечных і катастрафічных з’яваў на зямной паверхні).

Марына Васілеўская –33-гадовая сцюардэса «Белавіі», якую адбіралі паводле крытэраў полу, узросту, ведання мовы і адукацыі. Яна першая грамадзянка Беларусі ў космасе; раней Зямлю пакідалі нарадзінцы Беларусі, якія былі грамадзянамі СССР ці Расеі. Разам з Васілеўскай на МКС зноў паляцеў расейскі касманаўт беларускага паходжання Алег Навіцкі. Плануецца, што Навіцкі і Васілеўская прабудуць на МКС 12 дзён і вернуцца на Зямлю на караблі «Саюз МС-24», прыстыкаваным да станцыі.

Палёт Васілеўскай некаторыя крытыкуюць як «касмічны турызм» за кошт беларусаў дзеля піяру Аляксандра Лукашэнкі. Апошні сапраўды хваліцца палётам Васілеўскай. Гэтак, 26 красавіка Лукашэнка казаў: «Гэта не толькі імідж. Гэта цэлая галіна. Ад іміджу краіны, якая здольная выхаваць і запусціць у космас».

Навошта Лукашэнку касмічны піяр? 

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны