Чарнобыль у беларускім кіно і літаратуры. Што пачытаць, паглядзець і як ацаніць

Адна з жывых беларускіх траўмаў – чарнобыльская катастрофа – завяла механізмы памяці і смутку ды наклала адбітак на айчыннае мастацтва, у прыватнасці – кіно і літаратуру. Праз іх да аварыі можна вяртацца, з імі яе асэнсоўваць альбо не, залежыць ад таго, наколькі мастацтва ў гэтым кірунку пашчыравала. Мы прыводзім пяць літаратурных твораў і пяць фільмаў на тэму аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а таксама размаўляем з крытыкамі пра тое, як трагедыю нашая культура адрэфлексавала.

«Чарнобыльская малітва» Святланы Алексіевіч

Як звычайна ў беларускай нобэлеўскай лаўрэаткі, з сотняў інтэрв’ю складваюцца раскацістыя галасы, якія паказваюць, чым катастрофа – у гэтым выпадку аварыя на Чарнобыльскай АЭС – сталася ў жыццях людзей. У кнізе загаварылі жыхары Прыпяці, ліквідатары, дактары, навукоўцы, палітыкі – сведкі аварыі альбо часу, калі яна здарылася. «Чарнобыльская малітва», што існуе ў шматлікіх перакладах і перавыданнях, ставілася ў тэатры ды ўвасаблялася ў кіно. У прыватнасці, кніга адгукнулася ў нашумелым серыяле «Чарнобыль» тэлеканалу «HBO».

Ліквідатар зняў гэта ў чарнобыльскай зоне, пакуль камеру не забраў КДБ

«Чарнобыльскія джунглі» Ігара Бышнёва

Здымачная група зладзіла 15 экспедыцыяў, каб зрабіць дакументальны серыял аб прыродзе зоны адчужэння праз 20 гадоў пасля чарнобыльскай катастрофы. Што адбываецца з некалі заселенаю тэрыторыяй, з якой сышоў чалавек? Шэраг анамаліяў, буслы і зубры ды рэдкія ў гэтых мясцінах людзі займаюць 7 кароткіх серыяў, якія выйшлі ў 2005 годзе і атрымалі некалькі фестывальных узнагародаў.

«Злая зорка» Івана Шамякіна

Твор выйшаў у 1991 годзе і стаў першым беларускім эпічным раманам на тэму Чарнобылю. Шамякін сам паходзіць з Палесся: ён на свае вочы бачыў жыццёвыя трагедыі, калі прыязджаў у родныя мясціны пасля аварыі. Чарнобыльская катастрофа ў кнізе перарывае радасць ад вяселля, якое аб’яднала сем’і Пустаходаў і Пыльчанкаў. Праз гісторыі дзвюх сем’яў пісьменнік паказвае раскіданае Чарнобылем гняздо і тое, як трагедыя раскацілася па беларускіх лёсах.

«Чарнобыль. Попел» Сяргея Лук’янчыкава

Фільм здымаўся праз 10 гадоў пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС «за калючым дротам 30-кіламетровай чарнобыльскай зоны». Узровень радыяцыі тады перавышаў норму ў сотні разоў, але раз на год былым жыхарам цяпер ужо закінутых вёсак дазвалялі наведаць родныя месцы. Яны прыязджалі сюды ў Радаўніцу. Прыехаў і Сяргей Лук’янчыкаў, які пад музыку Віктара Капыцька зрабіў з гэтага падарожжа бязмоўны дакумент часу.

«Выратуй і памілуй нас, чорны бусел» Віктара Казька

У парадыйна-сатырычнай манеры пісьменнік паказвае жыццё вёскі, якая пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Тут ёсць свае Сталін, Берыя і ЦК, а наваколле поўнае савецкага абсурду. Жыхары забылі свае імёны і ўвасобіліся ў гучных аналогіях. А Чарнобыль тут гучыць як сімвал і суправаджаецца сумнымі як абумоўленасцю, так і прароцтвамі.

«Чорны бусел» Віктара Турава

Адзін з апошніх фільмаў класіка беларускага кіно Віктара Турава. Стужка выйшла ў 1993 годзе і была знятая якраз на матывы аповесці «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел». Галоўную ролю тут грае Барыс Няўзораў, а музыку напісаў Яўген Дога.

«Ільвы» Івана Пташнікава

Напісанае ў 1987 годзе апавяданне «Ільвы» вядзецца ад імя сабакі Джукі. Ён задыхаецца ад сухой гарачкі і шукае гаспадароў, якія нядаўна селі з дзецьмі ды валізамі ў перапоўнены аўтобус і з’ехалі. Тэрыторыя тым часам поўніцца галоднымі ды аблезлымі Бімамі і Пушкамі, а чужыя людзі самазваламі прыязджаюць іх адстрэльваць. Тут можна згадаць таксама аповесць «Мурзікава дарога» Міхася Зізюка, дзе постчарнобыльскі час таксама апісваецца ад імя сабакі.

«Ваўкі ў зоне» Віктара Дзяругіна

Песімістычны фільм паказвае тых, для каго чарнобыльская катастрофа сталася магчымасцю пажывіцца. Група марадзёраў дзеіць у закрытай радыяцыйнай зоне і пад прыкрыццём паліцыі палюе на кінутыя гаспадарамі каштоўнасці, тэхніку ды іншыя рэчы. Набытае прадаюць па ўсім Савецкім Саюзе, а прыпыніць злачынную схему бяруцца былы капітан міліцыі Радзівон з напарнікам Стасам. Стужка выйшла ў 1990 годзе, яе зрабілі менская і ленінградская студыі. Прыкметна, што ад Менску ў вытворчасці брала ўдзел прыватная студыя «Імпульс». І толькі пасля тэма Чарнобылю з’явілася на кінастудыі «Беларусьфільм».

«След чорнага ветру»

Імаверна, адна з самых жудасных кніг пра Чарнобыль. Складзеная з дзіцячых сачыненняў і малюнкаў, якія да 10-годдзя катастрофы дасылаліся на адмысловы конкурс Беларускага сацыяльна-экалагічнага саюзу «Чарнобыль» і газеты «Набат». Змест кнігі адабралі з больш як 500 працаў, аўтары якіх намагаюцца асэнсаваць, што адбылося ў 1986-м.

«Я помню» Сяргея Січова

Ідэалагічна абумоўлены мастацкі фільм Нацыянальнай кінастудыі пра тое, што прырода з часам ачышчаецца і боль чарнобыльскай катастрофы адыходзіць у мінулае. Галоўны герой – паспяховы мастак Анатоль Буслоў, які жыве ў Менску. Ён пакутуе ад успамінаў пра высяленне з чарнобыльскай зоны і смерць брата. Анатоль пастанаўляе з’ездзіць у родную вёску і выяўляе: насуперак чаканням, жыццё ў ёй кіпіць і бурліць. Тады мастак бярэцца за роспіс мясцовай царквы і ўрэшце застаецца ў бацькоўскім доме. Галоўныя ролі выканалі Уладзімір Гасцюхін, Анатоль Кот і Вольга Фадзеева.

Наталля Агафонава, кінакрытык, кіназнаўца:

– І ў дакументальным, і ў ігравым кіно ўсё больш-менш значнае на тэму Чарнобылю зрабілі ў 1990-ыя, калі кіно зафіксавала адчуванне апакаліпсісу і шок ад трагедыі. Але нават тады да аналізу катастрофы і тым больш яе сацыяльна-палітычнага рухавіка ніхто нават не наблізіўся.

Як звычайна, наперад прасунуліся дакументалісты. Лічыцца, што першаю выразнаю спробай асэнсаваць трагедыю стаўся фільм Уладзіміра Дашука «Пейзаж пасля бітвы» 1989 года. У 1993–1996 гадах Сяргей Лук’янчыкаў у апакаліптычнай танальнасці зрабіў цэлы цыкл маўклівых стужак. Былі дзве кранальныя карціны Уладзіміра Цяслюка «Бяда» і «Трэці анёл затрубіў» – трагедыі, дзе смерць робіцца татальнаю. Некаторыя сцэны адтуль мне проста ўрэзаліся ў памяць. Нешта не выйшла: напрыклад, карціне Анатоля Алая паводле сцэнара Уладзіміра Някляева не далі адбыцца.

Грузавікі з бетонам чакаюць выгрузкі на месцы будаўніцтва бетоннага саркафагу на чацвёртым рэактары Чарнобыльскай АЭС у кастрычніку 1986 года. Фота: Reuters Photographer / Reuters / Forum

А потым на гэтую тэму пачалі нават не здымаць, а рабіць фільмы да круглых датаў. У 2016-м выйшаў «Чарнобыль. Экзамен для нацыі» Яўгена Сяцька з пасылам, што ўсё добра, дзяржава паклапацілася, мы ўсё пераадолелі. На яго потым школьнікаў зганялі.

Затое раптам у 2019 годзе з’яўляецца жорсткі і мужны «Невядомы рай» Дар’і Юркевіч, які я лічу адным з найлепшых у гэтай тэме. Рэжысёрка стварыла вобраз зоны як пасткі для беларуса. У фільме атрымліваецца выбітная метамарфоза: сям’я кідае зону адсялення і пераязджае ў кватэру, то бок паляпшае свае побытавыя ўмовы, але застаецца ў тым жа коле чарнобыльскай зоны, і выхаду з яго няма.

Што датычыць ігравога кіно, тут фільмаў значна менш і ўсе яны, апроч выпадковых, таксама былі зробленыя ў 1990-ыя. Здымачная група першага – «Ваўкі ў зоне» – колькі дзён правяла ў радыяцыйнай зоне. Уласна гэтыя «дакументальныя» эпізоды, што транслююць боль адчужэння, тут найбольш важкія. Потым быў слабы і неахайны «Чорны бусел» Віктара Турава, у гэтым жа 1993-м з’явілася «Душа мая, Марыя» Вячаслава Нікіфарава – бадай, найвышэйшы пункт у нашым мастацкім кіно на чарнобыльскую тэму. Была «Метаноя» Віталя Шувагіна, а ў 1999 годзе выйшаў «Рэйнджэр з атамнай зоны» таксама Нікіфарава, у якім чарнобыльская зона пераўтварылася ў прастору, дзе жыве і гуляе ўсялякі зброд.

Аўтобус праязджае каля новага саркафага, які пабудаваны над 4-ым рэактарам Чарнобыльскай АЭС. Украіна, 20 красавіка, 2018 г. Фота: GLEB GARANICH / Reuters / Forum

У ігравым кіно чарнобыльская тэма, лічу, у 1990-ыя і сышла: Чарнобыль ад трагедыяў перайшоў у авантурныя, прыгодніцкія фільмы, а зона замест таямнічай, загадкавай, сімвалічнай прасторы зрабілася забруджанаю мясцовасцю, дзе дрэнныя людзі робяць свае дрэнныя справы. У 2020 годзе з’явіўся зняты за бюджэтныя грошы жахлівік «Забароненая зона» Мітрыя Сямёнава-Алейнікава, дзеянне якога адбываецца ў зоне адчужэння. Зрэшты, спачатку сцэнар ніяк не стасаваўся з чарнобыльскаю тэмаю: думаю, яго перарабілі на хвалі папулярнасці серыялу «HBO».

Ліквідатары ЧАЭС распавялі, чаго бракуе серыялу «Чарнобыль»

У цэлым у кіно трагедыя не адрэфлексаваная так, як мае быць, а апошнія 20 гадоў яна ўвогуле, лічы, занядбаная. Калі ў 2016-м да круглай даты з дня аварыі на АЭС Мінкульт яшчэ прымушаў нешта рабіць, хоць бы плакатна-прапагандысцкае, то сёлета нават такога запыту не было. Але ўсё гэта не датычыць толькі тэмы Чарнобылю: трэба сказаць, наш кінематограф ніякаю тэмаю не заняўся сур’ёзна. Калі ў 1990-ыя мы назіралі ўздым – не было грошай, але была свабода выбару, то пасля ўсё паступова зноў пачало ўбудоўвацца ў кантэкст рэнавацыі сацыялізму. Кінематаграфісты адышлі да нейтральных, бяспечных тэмаў і ўрэшце прыйшлі да прапаганды ў духу застойных 1970-х.

Ціхан Чарнякевіч, літаратурны крытык, літаратуразнаўца:

– Калі Чарнобыль рэфлексаваўся па гарачых слядах, ён адчуваўся як катастрофа, падобная для беларускіх літаратараў да ваенных падзеяў. То бок як нешта, што ломіць правілы і ўстоі, мяняе сувязі паміж людзьмі і моцна агаляе экзістэнцыйныя пытанні. У больш-менш статычнай сітуацыі, у якой былі тады беларусы, яна стала моцным штуршком для паэзіі ды перш за ўсё прозы.

У лірыцы трагедыя была больш згладжаная: у ёй гаварылася аб прыватнай, тонкай матэрыі кшталту настальгіі па кінутай вёсцы. Проза ж бралася за нацыянальныя пытанні, бо трагедыя закранула перадусім Беларусь, і краіна пачала вастрэй асэнсоўваць сябе як Беларусь.

30-ці кіламетровая зона адчужэння, закінутая вёска Арэвічы, Беларусь, 12 сакавіка 2016 г. Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Этапным, напрыклад, стала апавяданне Пташнікава «Ільвы», дзе гэты свет, што ляціць у пекла, паказваецца вачыма сабакі. Многія празаікі, перадусім Віктар Казько, адлюстравалі тэму ў рэчышчы набліжэння нейкага апакаліпсісу. Для Шамякіна Чарнобыль стаў нагодаю выявіць хібы грамадства, што для мяне, па шчырасці, падобна на нейкую кан’юнктуру.

Апавяданне «Бляха» Андрэя Федарэнкі на мікраўзроўні паказала разарваныя сувязі і змененыя правілы жыцця на забруджаных тэрыторыях. У ім маргінальны герой – мясцовы алкаголік – раптам становіцца самым галоўным чалавекам на вёсцы, бо калі ўсе з’ехалі, ён адзіны можа нешта зрабіць для старых людзей, што засталіся. Метафару зоны, напэўна, найлепш адлюстраваў Васіль Быкаў у «Ваўчынай яме», дзе салдат-дэзерцір уцякае з войска менавіта ў зону, і для яго там больш бяспечна, чым у рэальным жыцці. Таксама ў гэтым кантэксце класная паэма Някляева «Зона».

Тэма Чарнобылю шмат гучала менавіта ў канцы 1980-х – пачатку 1990-х, што супала з працэсам дэмакратызацыі і сацыяльнай крытыкі, калі грамадства рэфлексавала над памылкамі савецкага кіраўніцтва, а інтэлігенцыя казала на нязручныя тэмы, у тым ліку пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС.

Чарнабыльская АЭС. Фота: Зуфаров Валерий Репик Владимир / TASS / Forum

Цяпер, канечне, гэтая катастрофа асэнсоўваецца значна менш. Можна згадаць паэзію Юліі Цімафеевай, якая пераводзіць усё гэта ў жорсткае рэчышча здрады чалавека зямлі. Магчыма, у літаратараў ёсць адчуванне, што тэма сябе вычарпала і пасля «Чарнобыльскай малітвы» ты непазбежна знізіш планку. А Алексіевіч, вядома, вывела катастрофу на высокі ўзровень, ейная кніга прагучала па ўсім свеце, асабліва пасля трагедыі на Фукусіме.

Большасць тых, хто пісаў на тэму Чарнобылю, самі паходзілі з пацярпелых мясцінаў, ім усё гэта балела. Цяпер жа Чарнобыль стаў метафараю, нейкаю чорнаю дзіркай, да якой не варта часта дакранацца. Я б сказаў, што гэтая траўма прайшла перыяд паўраспаду, то бок мы яе прынялі і з ёй жывем, і нейкім чынам гэта бачна ў літаратуры. У той жа час тут яшчэ шмат патэнцыялу, і хоць мы пакуль спыніліся на вяршынях – той жа Алексіевіч, магчыма, яшчэ прыйдзем да больш шчыльнай распрацоўкі тэмы.

Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны