Белстат: беспрацоўе захавалася на ўзроўні 3,6 %, сярэдні заробак вырас да 1814 рублёў

Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі 26 красавіка апублікаваў афіцыйную статыстыку аб заробках і беспрацоўі ў сакавіку. Пераказваем яе і несуцяшальны прагноз незалежных экспертаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

Паводле Белстату, у 2023 годзе ў Беларусі былі занятыя 4 175 900 чалавек. Узровень занятасці (колькасць занятых да колькасці людзей ва ўзросце 15–74 гадоў) склаў 66,3 %, а ўзровень беспрацоўя (сапраўдны, згодна з метадалогіяй Міжнароднай арганізацыі працы, а не «афіцыйна зарэгістраваны», які амаль роўны нулю) застаўся на ўзроўні 3,6 % працоўнай сілы, такі ж ён быў у чацвёртым квартале 2022-га.

Выбарачнае абследаванне за першы квартал 2023 года паказала, што сярод тых, каго ў Беларусі адносяць да працаздольнага ўзросту (ад 16 гадоў да пенсійнага ўзросту: 63 гады для мужчынаў і 58 гадоў для жанчын), занятыя 82,7 % насельніцтва. З мужчынаў у гэтым узросце занятыя 81,8 %, з жанчын – 83,6 %; з сельскіх жыхароў – 79,1 %, з гарадскіх – 83,7 %.

Пры гэтым да беспрацоўных адносяць 3,5 % людзей працаздольнага ўзросту: 4,4 % мужчынаў і 2,5 % жанчын; 4,3 % сельскіх і 3,3 % гарадскіх жыхароў. Толькі 20,2 % беспрацоўных звярталіся ў службы занятасці і Рэспубліканскі банк вакансіяў – 66,2 % шукалі працу праз інтэрнэт, 57 % праз знаёмых, 17,2 % наўпрост праз працадаўцаў (рэспандэнт мог выбраць некалькі варыянтаў адказу).

Зазірнулі ў беларускі банк вакансіяў. Ёсць прапанова нават на 10,5 тысячаў рублёў

Намінальны сярэдні налічаны заробак (да адлічэння падаткаў і збораў) склаў 1814,2 рубля – гэта значыць вырас з лютага ажно на 126,4 рубля або 7,5 %. З улікам афіцыйнай інфляцыі рост склаў 7,1 %.

У Менску, як сцвярджае Белстат, сярэдні налічаны заробак склаў ажно 2512,4 рубля. Ніжэйшы за ўсё гэты паказнік у Магілёўскай вобласці: 1478,1 рубля.

Найбольш зарабляюць у галіне «інфармацыі і сувязі»: 5458 рублёў сярэдняга налічанага заробку (а канкрэтна ў IT – 7232,2 рубля). Найменш – у адукацыі: 1240,7 рубля (калі гаворка не пра галіны, а пра асобныя спецыяльнасці, то найменш зарабляюць цырульнікі: 951,4 рубля).

У Беларусі растуць афіцыйныя заробкі. Ці багацеюць беларусы?

Незалежныя даследнікі BEROC адзначаюць (PDF), што эканоміка Беларусі будзе зараз дэманстраваць «карэкцыйны рост», калі не здарыцца новых «лагістычных разрываў» або істотнага ўзмацнення санкцыяў.

Валавы ўнутраны прадукт у 2023 годзе, паводле прагнозу BEROC, вырасце на 2,5 % (і на 1,1 % у 2024-м), інфляцыя за год складзе 8 % (і 8,6 % у наступным годзе), заробкі ў сярэднім за 2023 год складуць 1858 рублёў (і 2062 рублі ў 2024-м), курс рубля ўпадзе прыкладна на 8 % за 2023 год, але захаваецца на ўзроўні каля 3 рублёў да долар.

Поўнае аднаўленне экспарту BEROC лічыць малаімаверным, сумняваюцца эксперты таксама ва ўзмацненні ўнутранага попыту – праз нявызначанасць, скарачэнне занятасці і неспрыяльны бізнес-клімат. Праз «звышстымуляцыйную» эканамічную палітыку ў Беларусі ўжо ў 2024 годзе можа пачацца рэцэсія – нават без новых санкцыяў і пры захаванні цяперашняй лагістыкі.

Рэальныя даходы беларусаў упалі ўжо мацней, чым падчас крызісаў 2011 і 1999 гадоў. Што далей?

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны