Расея будзе забіраць актывы замежных кампаніяў на сваёй тэрыторыі пад дзяржаўнае кіраванне

У Расеі ўводзіцца механізм часовага кіравання актывамі кампаніяў з «несяброўскіх краінаў». Адпаведны ўказ прэзідэнта РФ быў апублікаваны 25 красавіка на расейскім Афіцыйным інтэрнэт-партале прававой інфармацыі.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: 1obl.ru

Ва ўказе гаворыцца, што ў часовае кіраванне «Росимущества» могуць перадавацца рухомая і нерухомая маёмасць, каштоўныя паперы ды іншыя маёмасныя правы асобаў з несяброўскіх краінаў. Прэзідэнт РФ таксама пакідае за сабой права прызначыць іншага кіраўніка замест «Росимущества».

Паводле ўказу, такія крокі ўводзяцца «ў сувязі з неабходнасцю прыняцця неадкладных захадаў у адказ на несяброўскія, не адпаведныя міжнароднаму праву дзеянні Злучаных Штатаў Амерыкі і замежных дзяржаваў і міжнародных арганізацыяў, што да іх далучыліся, скіраваныя на незаконнае пазбаўленне Расейскай Федэрацыі, расейскіх юрыдычных і фізічных асобаў права ўласнасці і (або) абмежавання іх права ўласнасці, у мэтах абароны нацыянальных інтарэсаў Расейскай Федэрацыі».

Часовае кіраванне замежнымі актывамі будзе ўводзіцца ў выпадку пазбаўлення Расейскай Федэрацыі і (або) яе юрыдычных і фізічных асобаў права ўласнасці на маёмасць на тэрыторыі замежных дзяржаваў.

На гэты момант пад кіраванне «Росимущества» пераходзяць долі ў энергетычнай кампаніі «Юнипро» (87,73 % акцыяў належыць нямецкай кампаніі «Uniper SE»), кампаніі «Фортум» (69,8807 % акцыяў належыць фінскай кампаніі «Fortum Russia B.V» і 28,3488 % – таксама фінскай кампаніі «Fortum Holding B.V.»).

«Юнипро» кантралюе ў Расеі пяць цеплавых электрастанцыяў, «Фортум» – дзве кампаніі, што кіруюць сеткай ЦЭС, ветрапаркам і трыма сонечнымі электрастанцыямі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны