Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 26 траўня

«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі па стане на вечар 26 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Ва ўкраінскай сталіцы адкрылася міжнародная выстава карыкатур аб вайне. У прасторы «Vcentri Hub» у цэнтры Кіева размясцілі 203 працы 40 мастакоў з 12 краін свету. Кіеў, Украіна. 25 траўня 2022 года. Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Паводле аператыўных звестак Генеральнага штабу ЗСУ, з моманту поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну страты расейскага войска дасягнулі 29600 чалавек забітымі.

За апошнія содні на Данецкім і Луганскім напрамках украінскімі сіламі былі адбітыя дзесяць атак расейцаў. Па-ранейшаму самыя актыўныя баявыя дзеянні расейцы вялі ў раёнах населеных пунктаў Ліман, Севераданецк і Аўдзііўка. Пры гэтым намесніца міністра абароны Ганна Маляр заявіла, што баі ЗСУ з расейскай арміяй дасягнулі максімальнай інтэнсіўнасці ўздоўж усёй лініі судакранання.

Дарадца Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч у сваю чаргу прызнаў, што ўкраінскі бок прайграе расейскаму па тэмпах назапашвання рэзерваў, што робіць сітуацыю на фронце вельмі цяжкай. Праз гэта магчымы вяртанне расейскай арміі на поўнач Украіны і ўзмацненне ціску па лініі Херсон – Запарожжа.

Расейцы прарываюць фронт на Данбасе, але гэта яшчэ не крытычна

Агенцтва «Reuters» паведаміла, што Італія, Вугоршчына і Кіпр звярнуліся да кіраўніцтва ЕЗ з заявай пра неабходнасць найхутчэйшага правядзення мірных перамоваў з Расеяй і неадкладнага спынення агню.

Разам з тым кіраўніца Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен, выступаючы на форуме ў Давосе, заняла жорсткую пазіцыю ў дачыненні Расеі і заявіла, што «Украіна мусіць выйграць гэтую вайну». Таксама міністарка замежных справаў Вялікай Брытаніі Ліз Трас падкрэсліла, што спробы «залагодзіць» Уладзіміра Пуціна нясуць небяспеку.

У Арганізацыі Аб’яднаных Нацый выступілі з заявай аб тым, што крызіс, звязаны з вайсковымі дзеяннямі ва Украіне, можа прывесці да дэфолту ў 70 краінах.

У Вярхоўнай Радзе зарэгістравалі законапраект пра канфіскацыю беларускай маёмасці ва Украіне. У дакуменце зазначана, што Беларусь з’яўляецца дзяржаваю-суагрэсарам, якая дапамагла Расеі здзейсніць атаку на Украіну і надала для гэтага сваю вайсковую інфраструктуру.

Знішчаныя жылыя дамы пасля ракетнага ўдару. Барадзянка, Украіна. 25 траўня 2022 года. Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Прадстаўнік Дзярждэпартаменту ЗША Нэд Прайс заявіў, што краіна не здыме санкцыі з Расеі ў абмен на доступ да ўкраінскіх партоў. Таксама ён назваў жахлівым тое, што Расея імкнецца выкарыстоўваць прадукты харчавання і энергію ў якасці зброі.

Міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба таксама заклікаў не паддавацца на шантаж Расеі наконт «калідору». Нагадваем, раней у МЗС Расеі заявілі пра гатоўнасць зрабіць калідор для экспарту ўкраінскага збожжа ў абмен на зняцце санкцый і размініраванне Украінай Чорнага мора.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падтрымаў петыцыю аб візавым рэжыме для грамадзян Расеі і даручыў прэм’ер-міністру краіны Дзянісу Шмыгалю прапрацаваць гэтае пытанне. Раней Украіна не раз узмацняла жорсткасць працэсу ўезду на сваю тэрыторыю.

ВК belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату