Ці атрымаецца абмяняць палітвязняў на зняцце санкцыяў? Як яшчэ іх можна вызваліць? Што вядома пра псіхалагічны ціск на палітвязняў? «Белсат» спытаў пра гэта Змітра Шчыгельскага – колішняга псіхіятра, а цяпер прадстаўніка палка Каліноўскага.
У 2001 годзе менскі псіхіятр Зміцер Шчыгельскі апублікаваў «Гісторыю хваробы Аляксандра Лукашэнкі» – ён заявіў, што Лукашэнку даўно паставілі і пацвердзілі дыягназ «мазаічная псіхапатыя». Пасля публікацыі Шчыгельскі быў вымушаны пакінуць Беларусь. Праз 20 гадоў Шчыгельскі стаў палітычным прадстаўніком руху «Супраціў», да якога далучыліся хакеры-кіберпартызаны. Цяпер Шчыгельскі – прадстаўнік палка імя Кастуся Каліноўскага, падраздзялення беларусаў, якія ваююць за Украіну. «Белсат» запісаў гутарку з ім у цэнтральным парку мястэчка Ірпінь пад Кіевам – недалёка ад Бучы, гораду – сімвалу расейскіх зверстваў падчас вайны ва Украіне.
– У Нарвегіі на Сусветным форуме свабоды выказванняў «World Expression Forum» выступіла Наталля Пінчук, жонка Алеся Бяляцкага. Яна заявіла, што кантакт з рэжымам Лукашэнкі магчымы толькі пасля вызвалення ўсіх палітвязняў, а да гэтага няма сэнсу весці з ім перамовы і гандляваць свабодай людзей. Ці згодныя вы з такой цвёрдай пазіцыяй? Што будзе, калі правесці абмен – вызваляць асобных палітвязняў узамен за адмену ці паслабленне санкцыяў?
– Калі разменьваць некаторых палітвязняў на некаторыя санкцыі, то, хутчэй за ўсё, санкцыі скончацца, а палітвязні застануцца. І не факт, што іх стане менш. Магчыма, іх стане больш.
– Што цяпер можна зрабіць, каб дапамагчы вызваліць палітвязняў ці знізіць узровень катаванняў у беларускіх турмах?
– Знесці рэжым Лукашэнкі. Узяць Менск, узяць уладу, пабудаваць там нармальную дэмакратычную нацыянальна-арыентаваную краіну і вызваліць палітвязняў. Іншага шляху я не бачу. Адзіная магчымасць можа быць, у якую я не вельмі веру, гэта тое, што вы пыталіся ў папярэднім пытанні: гэта магчымасць ставіць цвёрдыя ўмовы пра тое, што любыя кантакты толькі пасля вызвалення ўсіх палітвязняў.
– Ці ёсць прыкметы, што ў беларускіх турмах, СІЗА і на Акрэсціна затрыманых і асуджаных у палітычных справах людзей спрабуюць зламаць менавіта псіхалагічна, зрабіць іх бязвольнымі, няздольнымі да якой-кольвек грамадскай актыўнасці?
– Псіхалагічная праца вялася заўсёды. Наколькі я ведаю, там ёсць даволі нядрэнныя спецыялісты менавіта ў псіхіятрыі, псіхалогіі, якія працуюць з палітвязнямі. І не толькі ў турмах, але таксама з тымі, хто знаходзіцца на свабодзе – дзеля вербавання, дзеля таго, каб перацягнуць іх на бок рэжыму, змяніць іхныя каштоўнасці, змяніць іхныя погляды. І яны былі заўсёды, гэта не новая практыка, гэта практыка, якая існуе з 1990-х гадоў як мінімум.
Яны не робяцца здабыткам грамадскасці, таму што гэта даволі цяжкія кейсы, калі людзі праходзяць праз катаванні, калі ў людзей змяняецца шмат чаго. І па зразумелых прычынах гэта ні яны самі, ні іхныя сваякі, ні іхныя родныя – у іх няма жадання выстаўляць гэта на суд грамадскасці і казаць пра гэта прэсе. Але такія кейсы былі і яны ёсць. Апошнім часам значная частка працэсаў такога кшталту накіраваная на тое, каб перш за ўсё перавербаваць чалавека і перацягнуць на бок рэжыму. Мы бачым гэта на прыкладзе Васкрасенскага, мы бачым гэта на прыкладзе Пратасевіча, але гэта толькі найбольш вядомыя прыклады.
– Ці ведаеце вы людзей, якія менавіта ў выніку рэпрэсіяў, катаванняў лукашэнкаўскіх сілавікоў сталі на бок узброеных фармаванняў ва Украіне? Наколькі рэжым Лукашэнкі сам матывуе беларусаў ісці рыхтавацца да баявых дзеянняў, ісці ў партызаны?
– Так, ведаю. Такія выпадкі ёсць. Я не буду казаць, ці гэта быў вынік катаванняў, або проста рэпрэсіяў, або зняволення, таму што гэта вельмі асабістыя пытанні, і не заўсёды іх карэктна задаваць людзям. Але людзі, якія прайшлі праз рэпрэсіі, прайшлі праз затрыманне, прайшлі праз адседкі – так, яны сталі на бок [узброеных фармаванняў ва Украіне], і такія прыклады ёсць. Фактычна, з 2020 года рэжым Лукашэнкі не пакінуў іншых магчымасцяў.
Я заўсёды казаў, у 2020-м, 2021-м, кажу цяпер і буду, хутчэй за ўсё, казаць далей, пакуль сітуацыя не зменіцца: у тых беларусаў, якія засталіся ў Беларусі, засталося фактычна тры шляхі. Шлях № 1 – з’ехаць. Шлях № 2 – змірыцца. Шлях № 3 – змагацца. Пры чым мы бачым, што ўсе іншыя сродкі змагання былі выкарыстаныя, і яны не далі выніку. Такім чынам, рэжым не пакінуў іншага выйсця.
Яшчэ раз, тры варыянты: з’ехаць, змірыцца-прыстасавацца або рыхтавацца да сур’ёзнай барацьбы, у тым ліку да ўзброенай.