ЗША не плануюць мяняць размяшчэнне сваіх ядравых сілаў праз перамяшчэнне ядравай зброі ў Беларусь

Пасля заяваў аб пачатку перамяшчэння расейскай ядравай зброі ў Беларусь у ЗША заявілі, што не плануюць мяняць размяшчэнне сваіх ядравых сілаў з гэтай нагоды, паведаміла прэс-сакратар Белага дому Карын Жан-П’ер.

Ядравая зброя. Крыніца: jacos.net

«Мы бачылі паведамленні аб дамоўленасцях Расеі і Беларусі і будзем працягваць сачыць. […] І мы не бачым ніякіх падставаў карэктаваць размяшчэнне сваіх уласных ядравых сілаў – вы чулі, што мы казалі пра гэта раней. Як і ніякіх прыкметаў таго, што Расея рыхтуецца прымяніць ядравую зброю з Беларусі», – заявіла Карын Жан-П’ер.

Прадстаўнік Дзярждэпартаменту ЗША Мэт’ю Мілер на брыфінгу таксама заявіў, што Злучаныя Штаты не бачаць прычынаў для змянення стратэгічнай ядравай пазіцыі ў адказ на дамоўленасць Масквы і Менску. Аднак ён дадаў, што ЗША рашуча асуджаюць перамяшчэнне расейскай ядравай зброі ў Беларусь.

«Мы не бачым прычынаў для карэктавання нашай стратэгічнай ядравай пазіцыі або якіх-небудзь прыкметаў таго, што Расея рыхтуецца прымяніць ядравую зброю», – падкрэсліў Мэт’ю Мілер.

Дамоўленасці аб размяшчэнні ў Беларусі ядравай зброі ён назваў «прыкладам безадказных паводзінаў».

25 траўня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што перамяшчэнне расейскай тактычнай ядравай зброі ў Беларусь ужо пачалося. На пытанне, ці ёсць ядравая зброя ўжо ў Беларусі, Лукашэнка заявіў, што ўдакладніць гэта пасля вяртання з Масквы.

Таксама ў гэты дзень міністры абароны Беларусі і Расеі Віктар Хрэнін і Сяргей Шайгу падпісалі дакументы, якія вызначаюць парадак размяшчэння ў нашай краіне расейскай нестратэгічнай ядравай зброі. Шайгу пры гэтым падкрэсліў, што кантроль за ёй, а таксама прыняцце рашэнняў аб прымяненні застаюцца за Расеяй.

Лукашэнка: Пачалося перамяшчэнне ядравых боезапасаў у Беларусь

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны