У выніку ракетнага абстрэлу Кіева загінуў як мінімум адзін чалавек, шэсць параненыя

У выніку ракетнага ўдару расейскіх войскаў раніцай 26 чэрвеня па Кіеве загінуў адзін чалавек і яшчэ шэсць атрымалі раненні, паведаміў мэр Кіева Віталь Клічко.

Раніцай 26 чэрвеня расейскія войскі абстралялі жылы дом у Кіеве. Фота: uniannet/Telegram

«На гэты момант знайшлі цела аднаго загінулага. Пашкоджанні атрымалі 6 жыхароў дома. Чатыры з іх, у тым ліку сямігадовая дзяўчынка, шпіталізаваныя. Двое – з лёгкімі траўмамі – будуць лячыцца амбулаторна», – паведаміў Клічко.

Паводле інфармацыі лекараў, дзяўчынку прааперавалі. Яе стан стабільны і жыццю нічога не пагражае. Мама дзяўчынкі – у стане сярэдняй цяжкасці.

Раніцай 26 чэрвеня расейскія войскі абстралялі жылы дом у Кіеве. Фота: uniannet/Telegram

Як аказалася пазней, пацярпелая маці дзяўчынкі – расяянка Кацярына Волкава, якая жыла ва Украіне на законных падставах і была замужам за ўкраінцам, які загінуў раніцай 26 чэрвеня ў выніку абстрэлу, паведаміў дарадца кіраўніка МУС Антон Герашчанка.

«Яе жыццё разбурана, гэтак жа як і жыцці мільёнаў украінцаў. Муж забіты ўдарам пуцінскай ракеты. Дачка паранена і знаходзіцца ў шпіталі. Сама яна цяжка параненая і амаль тры гадзіны праляжала пад абломкамі бетонных плітаў. Мяркуючы з яе нешматлікіх публікацыяў у сацыяльных сетках, Кацярына любіць Кіеў і Украіну», – зазначыў Герашчанка.

Пацярпелая расяянка Кацярына Волкава і яе дачка. Крыніца: astrapress/Telegram

Расея зноў нанесла ракетны ўдар па Кіеве

Спікер камандавання Паветраных сілаў ЗСУ Юрый Ігнат паведаміў, што ракетны абстрэл па Кіеве быў нанесены не з Беларусі, а з рэгіёну Каспійскага мора.

Таксама вядомы і тып ракетаў. Паводле яго інфармацыі, Расея ўжыла стратэгічныя бамбавікі Ту-95 і Ту-160 – іх ракеты могуць праляцець да 5500 км. Паведамляецца, што яны ўзляталі блізу расейскай Астрахані і выпусцілі ракеты над Каспійскім морам.

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны