Даследчы цэнтр BEROC апублікаваў макрапрагноз для Беларусі налета. Аналітыкі мяркуюць, што рост эканомікі істотна запаволіцца, рубель патаннее да кошыка валютаў на 8–9 %, крэдыты крыху падаражэюць, а інфляцыя паскорыцца да 9,3 %.
Сёлетні паказнік росту ВУП будзе блізкім да прагнозу ўладаў: 3,9 %. Аднак налета эканоміка вырасце толькі на 1,6 %, мяркуюць эканамісты BEROC.
«Рост унутранага попыту моцна запаволіцца, а ўсё большую значнасць у ягоным задавальненні будзе мець імпарт, а не ўнутраная вытворчасць. Дынаміка спажывецкай актыўнасці будзе аслабляцца, бо адкладзены ў час ваеннага шоку 2022 года попыт на тавары рэалізаваны», – гаворыцца ў справаздачы.
Інвестыцыяў шмат не будзе праз дэфіцыт працоўных рук і неспрыяльны бізнес-клімат, а задача павелічэння экспарту сутыкнецца з магчымасцямі прадпрыемстваў: ужо цяпер узровень загружанасці вытворчых магутнасцяў у прамысловасці вырас да максімальных за 10 гадоў паказнікаў.
Да таго ж, на рынку галоўнага партнёра краіны – Расеі – чакаецца ўзмацненне канкурэнцыі і запавольванне росту эканомікі, і гэта дадаткова ўскладніць жыццё экспарцёрам.
На гэтым фоне запаволіцца рост прыбыткаў, прагназуе BEROC. Калі сёлета рэальныя заробкі, што ўлічваюць інфляцыю і падаткі, павялічацца прыкладна на 11–12 %, то налета – на 4–4,5 %. Намінальны заробак складзе каля 2132 рублёў.
Эксперты чакаюць, што ў канцы 2023-га інфляцыя паскорыцца да 5,6 % год да года, а налета – да 9,3 %:
«Пры цяперашняй сістэме цэнавага рэгулявання трансфармацыя рынкавых чыннікаў у цэны будзе расцягнутай у часе. Найбольшыя праінфляцыйныя эфекты прагназуюцца ў другой палове 2024 года. Працяглы татальны цэнавы кантроль у спалучэнні з мяккай эканамічнай палітыкай вядзе да назапашвання інфляцыйнага навесу і павышае рызыкі інфляцыйнага ўсплёску ў сярэднетэрміновай перспектыве».
Як адзначаецца ў даследаванні, банкі заўважаць рост пагрозаў макраэканамічнай і фінансавай стабільнасці, а таму крыху павысяць стаўкі. Будзе ў сярэднім каля 10,1 % замест цяперашніх 9,1 %. Таксама павялічацца стаўкі дэпазітаў.
Не найлепшыя часы чакаюць вонкавы гандаль: імпарт будзе расці хутчэй за экспарт, а гэта будзе падтрымоўваць попыт прадпрыемстваў на валюту. З увагі на гэта ў рубля маюцца ўсе шанцы патаннець на 8–9 % да кошыка валютаў. Пры ўмове, што ў Расеі долар будзе каштаваць 95–100 рублёў, у Беларусі яго курс складзе 3,44 рубля.
Аналітыкі цэнтру BEROC папярэджваюць, што стане высока імавернай пагроза макраэканамічнай і фінансавай дэстабілізацыі, калі налета цэны застануцца нягнуткімі, а маштаб манетарнага стымулявання захаваецца цяперашнім або пашырыцца.
У гэтым выпадку краіну чакае рэзкі рост цэнаў, больш жорсткая грашова-крэдытная палітыка і эканамічны спад, не выключаны і банкаўскі крызіс. Пры гэтым драматычнай дэвальвацыі ўдасца пазбегнуць.
Эксперты падкрэсліваюць, што наладжаныя ланцугі паставак экспарту ды імпарту не ўстойлівыя і могуць парушыцца ў выпадку новых санкцыяў, у тым ліку другасных. Таму нельга выключаць, што фінансавы стан беларускіх прадпрыемстваў пагоршыцца, следам праз сцісканне прыбыткаў дзяржаўнага скарбу спатрэбіцца больш жорсткая бюджэтна-падатковая палітыка, а адсюль – рэзкае тармажэнне эканомікі і нават рэцэсія.
У даследаванні BEROC тлумачыцца, што прагнозы могуць не спраўдзіцца праз некалькі чыннікаў, якія складана прадказаць. Гэта, напрыклад, санкцыйны рэжым, лагістыка імпарту і экспарту, падтрыманне з боку Расеі, манетарная палітыка ўладаў Беларусі і дзяржаўнае рэгуляванне цэнаў.
СК belsat.eu