Да канца навучальнага года ў кожнай школе Беларусі павінны адкрыць ваенна-патрыятычны клас ці клуб, заявіў 26 кастрычніка міністр адукацыі Андрэй Іванец. Для гэтага кіраўнік ведамства даручыў кіраўніцтву школ «правесці сур’ёзную працу», перадае ягоныя словы агенцтва БелТА.
Паводле словаў Андрэя Іванца, ваенна-патрыятычнае выхаванне дзецям неабходна для таго, каб «кожны малады чалавек усведамляў значнасць свайго абавязку і неабходнасці не толькі любіць радзіму, але і быць гатовым яе абараняць ва ўсіх сэнсах гэтага слова». Хтосьці, на думку міністра, павінен рабіць гэта «на сваім працоўным месцы», хтосьці – «вучобай ва ўстанове адукацыі», а хтосьці – «выбіраючы прафесію радзіму абараняць»,
«Мы актыўна працуем над развіццём ваенна-патрыятычных класаў, над музейнай педагогікай, над развіццём ваенна-патрыятычных клубаў… Усё гэта элементы, якія фармуюць цэласную асобу дзіцяці», – сказаў Андрэй Іванец.
Дзеля гэтага, паводле ягоных словаў, Мінадукацыі паставіла перад школамі задачу, каб у кожнай школе на працягу гэтага года яны стварылі ваенна-патрыятычныя класы або клубы.
Уплываць на фармаванне асобы вучняў ён заклікаў не толькі праз «выхаваўчы патэнцыял» педагогаў, але і праз «шосты школьны дня», у рамках якога Іванец прапанаваў вучням не толькі наведваць музеі, але і сустракацца «з рознымі вядомымі людзьмі і з прадстаўнікамі органаў улады».
У снежні мінулага года Міністэрства абароны паведамляла, што па ўсёй краіне створаны ўжо дзясяткі ваенна-патрыятычных клубаў і класаў ваенна-патрыятычнага кірунку ў школах і гімназіях. Тады, на пачатак навучальнага года функцыянавала больш за паўсотні клубаў і больш за 80 профільных ваенна-патрыятычных класаў.
Таксама ўлетку для вучняў 10 і 11 класаў у Беларусі арганізуюць платныя вайскова-патрыятычныя летнікі і палявыя зборы, што праводзяцца ў межах навучальнага курсу дапрызыўнага рыхтавання. На занятках школьнікі вучацца абыходзіцца са зброяй, наведваюць сустрэчы з міліцыянтамі і вайскоўцамі.
Нагадаем, нядаўна генеральны пракурор Андрэй Швед заявіў, што ў беларускіх школах занадта вялікая праграма па вывучэнні англійскай мовы. Таксама былі раскрытыкаваныя школьныя падручнікі па англійскай мове.
Алена Рувіна belsat.eu